«Платформа» збірае інфармацыю пра катаванні ў беларускіх вязніцах


Інфармацыйна-асветніцкая ўстанова «Платформа» абвесціла пра пачатак рэалізацыі новага праекту – «Маніторынгу правоў чалавека ў месцах пазбаўлення волі». Нагодаю для гэтага сталіся паведамленні пра факты парушэння законных правоў зняволеных, адзначаецца на сайце гэтай арганізацыі, якая займаецца праблемамі правоў чалавека ў беларускай пенітэнцыярнай сістэме.

Гаворка ідзе пра выпадкі «парушэнні адміністрацыямі папраўчых калоніяў і СІЗА дзейнага заканадаўства (у тым ліку прымяненне катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага чалавечую годнасць абыходжання)», «невыканання ў месцах пазбаўлення волі санітарна-эпідэміялагічных нормаў», «адмовы праваабаронцам і прадстаўнікам недзяржаўных арганізацыяў у доступе ў месцы пазбаўлення волі».

Мэта маніторынгу – атрыманне дакладнай інфармацыі пра сітуацыю з правамі зняволеных у следчых ізалятарах і папраўчых калоніях, інфармаванне адпаведных органаў і міжнародных структураў. «У якасці асноўнага інструменту плануецца выкарыстоўваць спецыялізаваныя маніторынгавыя групы», – паведамляе сайт «Платформы».

Інфармацыю пра тое, што адбываецца ў канкрэтнай калоніі або СІЗА, мяркуецца атрымліваць ад зняволеных, якія выйшлі на волю, паведаміў кіраўнік «Платформы» Андрэй Бандарэнка.

«Акрамя таго, мы наладжваем працу са сваякамі асуджаных, адвакатамі, праваабаронцамі і гэтак далей. У працэсе працы мы пераканаліся, што адміністрацыям калоніяў і СІЗА ёсць што хаваць. Гэта і ёсць асноўнаю прычынаю, з-за якой праваабаронцам закрываюць доступ у месцы пазбаўлення волі. Мы ставім перад сабою дастаткова маштабныя мэты і разумеем, што гэта вялікая цяжкая праца. Мы спадзяемся, што да нас далучацца прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці. Цяпер мы вядзем перамовы з каардынацыйнаю групаю «За Волю» ды ініцыятываю «Вызваленне» дзеля супольнай рэалізацыі праекту», – падкрэсліў Андрэй Бандарэнка.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары