Медычнае страхаванне ў Беларусі можа стаць абавязковым


Страхавыя ўнёскі плануюць давесці да ўзроўню еўрапейскіх краінаў.

Дэталёва распрацаваць механізм абавязковага медычнага страхавання грамадзянаў плануюць у межах праекту дзяржаўнай праграмы развіцця рынку страхавых паслугаў на 2011–2015 гг.

Праграма накіраваная на тое, каб унёскі на чалавека ў краіне значна павялічыліся і падышлі да ўзроўню еўрапейскіх краінаў. Цяпер абмяркоўваюцца эканамічныя рычагі, накіраваныя на тое, каб зацікавіць прадпрыемствы заключаць страхавыя дамовы на працаўнікоў.

На меркаванне генеральнага дырэктара Беларускай асацыяцыі страхоўнікаў Арыны Мерзляковай, сфера асабістага страхавання, у тым ліку жыцця, застаецца слаба развітаю ў Беларусі ў параўнанні са страхаваннем транспартных сродкаў. “З дапамогаю дзяржпраграмы плануецца ў шэсць разоў павялічыць памеры страхавой прэміі на чалавека – да $240”, – адзначыла эксперт.

Эканаміст Ігар Пеліпась лічыць, што станоўчае развіццё страхавання ў Беларусі магчымае толькі пры свабоднай канкурэнцыі на рынку гэтых паслугаў. “Сёння “Белдзяржстрах” фактычна ёсць манапалістам на рынку страхавання. Пад яго патрэбы змяняецца заканадаўства, падвышаюцца стаўкі. Разам з тым, сапраўды якаснае страхаванне магло б вывесці медычныя паслугі на вышэйшы ўзровень”.

Сёння ж, мяркуе эксперт, людзі слаба інфармаваныя на гэтую тэму, таму большасць падпісваюць дамовы, не чытаючы іх да канца. І страхоўнікі з гэтага вельмі цешацца. Бо інакш колькасць судовых разбіральніцтваў была б значна вышэйшая. А сёння нават тыя справы, што даходзяць да суда, вырашаюцца на карысць манапаліста, які значна лепш адукаваны за спажыўца і да таго ж мае моцнае падтрыманне дзяржавы.

belsat.eu

Стужка навінаў