Сэрца Вацлава Гавэла


У цэнтры Прагі паўстаў незвычайны мемарыял у гонар вялікага чэшскага палітыка і пісьменніка.

Аўтар помніка, Лукаш Гаўлаўскі (Lukáš Gavlovský), быў уражаны колькасцю людзей, што прыйшлі развітацца з чалавекам, які вярнуў Чэхіі свабоду, і тысячамі знічак, пакінутых каля месцаў, звязаных з Гавэлам. Гаўлаўскі вырашыў выкарыстаць гэта ў сваёй працы.

Ён звярнуўся да гарадскіх уладаў Прагі, Пльзэню (Plzeň), Брно (Brno), Просцеяў (Prostějov) і Тэпліцэ (Teplice), каб яны даслалі яму рэшткі пагаслых знічак для Вацлава Гавэла. З іх мастак зрабіў сваю скульптуру “Сэрца Гавэла”.

“Мне падалося, кепска, што гэты воск страціць сваю важнасць і сэнс і ператворыцца ў смецце – гэта ж выяўленне чалавечых думак і эмоцыяў. Вось чаму я вырашыў стварыць артэфакт, які працягне гэты працэс, які не будзе простым жэстам, а нагадае людзям пра вялікцую спадчыну, звязаную з асобаю Вацлава Гавэла”, – кажа мастак.

Гаўлаўскі і ягоныя памочнікі сабралі тоны знічак. Яны растапілі воск і разлілі па 115 формам, якія пасля ўтварылі велізарнае сэрца вагою 2,5 тоны.

“Сэрца Гавэла” будзе падарожнічаць па чэшскіх гарадах, каб пасля вярнуцца ў Прагу.

belsat.eu

Стужка навінаў