Чыноўнікам забаранілі карыстацца “картаю паляка”


Набылі моц папраўкі ў закон “Аб дзяржаўнай службе”, якія забараняюць чыноўнікам карыстацца картаю паляка, а таксама аналагічнымі дакументамі, што выдаюцца іншымі краінамі.

Папраўкі ў закон, у прыватнасці, пашыраюць пералік абмежаванняў для дзяржаўных службоўцаў. Гэтак, ім забараняецца карыстацца ільготамі ды перавагамі, якія даюць замежныя дзяржавы ў сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі ці нацыянальнай прыналежнасцю, а таксама атрымліваць дакументы, што даюць права на такія льготы і перавагі.

Таксама замацоўваецца абавязак дзяржслужбоўцаў перадаваць гэтыя дакументы ў кадравую службу дзяржаўнага органу. Невыкананне гэтага патрабавання будзе падставаю для вызвалення ад пасады.

Законапраект быў распрацаваны дзеля выканання рэкамендацыяў Канстытуцыйнага суда па яго рашэнні адносна закону Польшчы аб “карце паляка”. Прапанова выказаць сваю пазіцыю паступіла суду з Палаты прадстаўнікоў 23 лютага 2011 года. Паводле меркавання старшыні ніжняй палаты парламенту Уладзіміра Андрэйчанкі, рашэнне Польшчы выдаваць “карты паляка” “не адпавядае прынцыпам добрасуседства, а таксама праходзіць на фоне антыбеларускай кампаніі ў гэтай краіне”.

Сваю пазіцыю Канстытуцыйны суд выказаў 7 красавіка. У ёй адзначаецца, што асобныя нормы закону “Аб карце паляка” не адпавядаюць: агульнапрызнаным прынцыпам суверэннай роўнасці дзяржаў і неўмяшання ў справы, якія ўваходзяць ва ўнутраную кампетэнцыю іншай дзяржавы, прадугледжаным у статуце ААН; палажэнням Венскай канвенцыі аб консульскіх зносінах і Консульскай канвенцыі паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча; палажэнням пагаднення паміж урадамі Беларусі ды Польшчы аб узаемных паездках грамадзянаў, заключанага шляхам абмену нотамі 20 снежня 2007 года.

“Карта паляка” – дакумент, які пацвярджае прыналежнасць грамадзяніна краінаў СНД і Балтыі да польскага народу. Атрымаць яго можа асоба, якая валодае польскаю моваю на базавым узроўні, мае ў сваяцтве паляка або таго, хто меў польскае грамадзянства (бацька, маці, бабуля, дзядуля, прабабуля, прадзядуля). Карта сапраўдная цягам 10 гадоў з дня выдавання і пры наяўнасці адпаведнай заявы працягваецца на наступныя 10 гадоў.

Уладальнік карты мае права: атрымаць доўгатэрміновую шматразовую візу на знаходжанне ў Польшчы; легальна працаваць на тэрыторыі Польшчы без атрымання дазволу на працу; займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю нароўні з польскімі грамадзянамі; у першачарговым парадку прэтэндаваць на фінансавыя сродкі, якія выдаткоўваюцца для падтрымання палякаў за мяжою з дзяржаўнага ці мясцовага бюджэту (на ўзроўні гміны); ездзіць чыгункаю з 37-адсоткаваю зніжкаю.

belsat.eu

Стужка навінаў