Асобная ўвага надаецца роварнай інфраструктуры.
Праект стварэння турыстычнай інфраструктуры на тэрыторыі Ашмянскага раёну праходзіць узгадненне ва ўрадзе Беларусі. Мяркуецца, што да канца першага кварталу ўсе пытанні будуць развязаныя, і бакі распачнуць працу. Пра гэта заявіла намесніца старшыні Ашмянскага райвыканкаму Галіна Люткоўская. “Праект будзе гістарычна-культурніцкім, – кажа яна. – Мы збіраемся праводзіць фестываль “Гальшанскі замак”, выпусціць вялікі аб’ём друкаванай прадукцыі, гэта і мапы, і паштоўкі, і даведнік пра найлепшых людзей нашага краю, а таксама забяспечыць мультымедыйным суправаджэннем краязнаўчы музей Францішка Багушэвіча”. Каля 60 тыс. еўраў на рэалізацыю праекту дасць Еўразвяз, яшчэ 6 тыс. еўраў – дольнікі.
Удвая больш – каля 120 тыс. еўраў – будзе каштаваць стварэнне роварнай інфраструктуры. У межах гэтага праекту пабудуюць велатрасу ва ўрочышчы Сухая, усталююць рэкламныя ўказальнікі ды выдадуць даведнікі для велатурыстаў.
Што б параілі зрабіць за гэтыя грошы для развіцця Ашмяншчыны беларускія гісторыкі? “Самы значны гістарычны аб’ект у раёне – Гальшанскі замак. Але для яго рэстаўрацыі такой сумы было б, вядома ж, мала. Можна хіба што правесці нейкія частковыя працы. Гальшанскі замак уяўляе з сябе, па сутнасці, руіны, але ўзнавіць адну з вежаў і зрабіць у ёй памяшканне пад музей было б можна, – разважае старшыня аб’яднання “Гісторыка” Зміцер Рагачоў. – Самы ўдалы варыянт – узяць адну гістарычную сядзібу і зрабіць з яе паўнавартасны турыстычны цэнтр. Вылучаных грошай якраз бы хапіла на яе развіццё”.
belsat.eu