Апытанне: кошт праезду ў "маршрутках"


У Берасці даражэюць маршрутныя таксі. З 11 лютага праезд будзе каштаваць 3000 рублёў.

Такім чынам, за год аплата за карыстанне маршруткамі вырасла ў 2,5 разу. Аднак кіроўцы зазначаюць, што нават трох тысячаў мала, падаражанні будуць працягвацца. У Менску ж праезд каштуе 5000 рублёў. “Белсат” запытаўся ў пасажыраў і кіроўцаў маршрутных таксі, што яны думаюць пра такую хуткасць росту коштаў.

“Проста гэта нечакана, канечне, гэта вельмі дрэнна для пенсіянера. Дый увогуле для людзей. Я набываю агульны праязны квіток на тралейбус і аўтобус, і мне гэта танней атрымліваецца. Вось і цяпер – стаю, чакаю на аўтобус, праўда, доўга, але ж чакаю”, – кажа жанчына сталага веку.

“Ну, час пакажа [ці будуць кошты расці далей], ва ўсіх гарадах жа паднялі ўжо кошты. У крамы заходзіш – кошты тыя ж самыя. Прынамсі тры тысячы! У параўнанні з тым узроўнем [заробку], што раней быў… хаця б на яго выйсці”, – кажа кіроўца маршруткі.

“Пакуль яшчэ ездзіла па старым кошце ўчора – 2500. Можа, яшчэ хтосьці з кіроўцаў злітуецца над нашымі гаманцамі. Ну, але ж, канечне, дорага, значыць, будзем менш ездзіць. Усё даражэе – і паліва і прадукты… з агульнай эканомікай звязана”, – падзялілася жанчына.

“Дарагавата… Але ж зразумела, што ўсе будуць ездзіць”, – кажа малады чалавек.

“Гэтая цана рэальная, але яна не прыносіць ніякага прыбытку. Гэта ж атрымліваецца – за змену калі 200 чалавек правязеш, то 100 тысяч выходзіць лішніх. Нічога гэта не дае. Але людзі не абураюцца – спакойна даюць тры тысячы. Я думаю, што яшчэ больш будзе, калі, напрыклад, газ падаражэе. На запраўку выходзіць 260–270 тысячаў з такімі маразамі. Гэта ж увесь час машына працуе. Уначы ўстаеш а 2-й, а 3-й, праграваеш машыну, каб у час выехаць”, – скардзіцца кіроўца.

belsat.eu

Стужка навінаў