Сяргей Каваленка працягвае галадоўку 55-ы дзень


Віцебскі актывіст Кансерватыўна-хрысціянскай партыі – БНФ за кратамі з 19 снежня 2011 года – за нібыта ўхіленне ад адбывання пакарання. У траўні 2010 года яго прыгаварылі да трох гадоў пазбаўлення волі ўмоўна за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай каляднай яліне Віцебску 7 студзеня 2010 года.

Паводле адваката, які бачыўся з Каваленкам, стан зняволенага крытычны.

“Спаткання з Сяргеем мне па-ранейшаму не дазваляюць, – кажа Алена Каваленка, жонка актывіста. – Я перакананая, што ўлада хоча знішчыць майго мужа”. Дакладнай інфармацыі пра ўмовы галадоўкі Сяргея Каваленкі яна не мае. Яшчэ ў сярэдзіне студзеня ён пісаў, што яго пачалі прымусова карміць праз зонд. Апроч таго, паводле начальніка СІЗА, актывіст нейкі час нібыта прымаў ежу адзін раз на дзень. “Аднак на дадзены момант Сяргей цалкам адмовіўся ад ежы”, – пераказвае словы адваката спадарыня Каваленка.

Суд над актывістам прызначаны на 21 лютага. Калі Сяргей Каваленка працягне галадаць да таго часу, будзе ісці 65-ы дзень ягонага пратэсту.

Юрый Хадыка быў адным з першых беларусаў, хто абвяшчаў галадоўку супраць палітычнага пераследу ў 1996 годзе. “Такі тэрмін галадавання – гэта мяжа. Адбываюцца непапраўныя змены ў арганізме, таму трэба абавязкова прасіць Сяргея спыняць галадоўку. Ірландскія нацыяналісты, якія пратэставалі ў 1981 годзе, пачалі паміраць адзін за адным па 60-м дні. Я галадаў толькі 25 дзён і меркаваў на 30-ы дзень выходзіць з галадоўкі. Але ці будзе ў яго ў турэмных умовах такая магчымасць? Працэс мусіць кантралявацца дактарамі”, – кажа ветэран Адраджэння.

Паводле Хадыкі, прымусовае кармленне, тым больш такімі цяжкімі прадуктамі, як боршч, – гэта ўдар па арганізме, але яно ўсё ж дапаможа арганізму пратрымацца даўжэй.

belsat.eu

Стужка навінаў