Прэйгерман: урад сёння на 100 % не разумее, дзе мы апынуліся


З 2012 года Беларуская эканоміка пачала жыць паводле правілаў Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП). Паводле экспертаў “Ліберальнага клубу”, абмяркоўваць, кепска гэта ці добра, ужо запозна. Цяпер трэба вызначыць, як скарыстаць магчымасці інтэграцыі з найбольшай эфектыўнасцю для беларускай эканомікі. Пакуль жа ў дзеяннях ураду гэткай тэндэнцыі няма.

“Па-першае, пэўна будзе цяжка, бо мы на ўзроўні ўраду сёння на 100 % не разумеем, дзе апынуліся. А калі няма такога разумення – то няма і разумення, як ісці да максімалізацыі эфектаў для бізнесу”, – падкрэсліў эканаміст Яўген Прэйгерман.

АЭП існуе ў межах Сусветнай гандлёвай арганізацыі (СГА), што азначае роўны доступ яе удзельнікаў да рынкаў партнёраў, адзіныя ўмовы дзейнасці ў энергетычнай сферы, а таксама шырокія магчымасці для працоўнай міграцыі. Аднак ёсць і тое, чаго варта баяцца і да чаго Беларусь не падрыхтаваная, – канкурэнцыя.

“Беларускай эканоміцы прыйдзецца канкураваць з сыравіннымі эканомікамі Казахстану і Расеі. А гэта азначае, што ў іх больш сродкаў для мадэрнізацыі, больш сродкаў, каб накіраваць на рэформы, што праводзяцца ў эканоміцы. У Беларусі ўсяго гэтага няма. Таксама трэба ўлічваць, што Расея ўступіла ў СГА, зыходзячы з гэтага пункту; нашыя беларускія тавары, наш бізнес будуць канкураваць на расейскім рынку яшчэ больш. Але не толькі. Таксама і на сваім”, – кажа эканаміст Мікіта Бяляеў.

Эксперты падкрэсліваюць, што ўлады не выказваюць ніякага жадання праводзіць неабходныя Беларусі эканамічныя рэформы, што ў далейшай перспектыве можа зрабіць нашую краіну эканамічным прыдаткам Расеі.

belsat.eu

Стужка навінаў