Знаёмая анархістаў: «Нам страшна, бо забіраюць усіх, а галоўнае – невінаватых»


Грамадская актывістка Вольга распавяла “Белсату” пра затрыманні знаёмых анархістаў, якіх падазраюць у падпалах будынкаў у Менску.

Паводле Вольгі, усе арыштаваныя – вельмі розныя людзі, іх яднае толькі адно – актыўная грамадзянская пазіцыя. “Нам страшна, бо забіраюць усіх, а галоўнае – невінаватых”.

Дзяўчына кажа, што затрыманыя не маюць дачынення да інцыдэнту з расейскай амбасадай: “Нават не ведаю, хто мог бы гэта зрабіць. Хімкінскаму лесу “кактэйлямі Молатава” не дапаможаш, таму гэта выглядае вельмі дзіўна”.

Нагадаем, што 30 жніўня на тэрыторыю расейскай амбасады ў Менску невядомыя кінулі два “кактэйлі Молатава”, у выніку чаго загарэўся службовы аўтамабіль. Ніхто не пацярпеў.

Адказнасць за інцыдэнт узяла на сябе таямнічая арганізацыя анархістаў “Друзья свабоды”, размясціўшы адпаведную заяву ў інтэрнэце. Такім чынам яны нібыта хацелі адпомсціць за сваіх аднадумцаў, што баранілі Хімкінскі лес у Расеі, які пачалі высякаць у звязку з будаўніцтвам аўтастрады.

3 верасня ў звязку з гэтым выпадкам пачаліся затрыманні грамадскіх актывістаў. 6 верасня невядомыя спрабавалі падпаліць дзверы ізалятару на вул. Акрэсціна ў Менску.

8 верасня прайшла другая хваля арыштаў. У справах фігуруюць яшчэ два напады: на філіял “Беларусбанку” і будынак Федэрацыі прафсаюзаў. Усяго затрымалі 12 чалавек. Пяць з іх учора выйшлі на волю, астатніх затрымалі паўторна, змяніўшы справы.

belsat.eu
13.09.2010
Фота bymedia.net

Стужка навінаў