70 гадоў турэцкага фіяска сталінскай імперыі


Парадаксальным чынам сучасны расейска-турэцкі канфлікт адбыўся амаль роўна на 70-ю гадавіну наўпрост звязаных з Турцыяй падзеяў, якія сталі адной з найбольш буйных вонкавапалітычных паразаў Іосіфа Сталіна.

У снежні 1945 года СССР у дзяржаўнай прэсе агучыў свае тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Турцыі. У эйфарыі ад перамогаў у вайне з Нямеччынай і Японіяй савецкаму дыктатару з ягонай самай вялікай у свеце арміяй здавалася, што любы сусед мусіць схіліць перад ім галаву…

На нашых вачах

Востры канфлікт паміж Масквой і Турцыяй пачаўся ў канцы лістапада 2015 года – турэцкія ваенна-паветраныя сілы збілі расейскі франтавы бамбардыроўшчык Су-24, загінуў пілот. Потым, ужо на зямлі сірыйскія туркмены абстралялі расейскі верталёт Мі-8, забіўшы расейскага марскога пехацінца.
turc
Кадры падзення расейскага бамбардыроўшчыка.

Падзея ўзрушыла постсавецкую прастору. Аказалася, што з Уладзімерам Пуціным можна размаўляць мовай сілы і здзейсненага факта – гэтак жа нахабна, як гэта робіць сам Пуцін. Хіба што кіраўніцтва Турцыі, у адрозненне ад маскоўскага, не стала хавацца і хлусіць, а шчыра прызнала, што чужы бамбардыроўшчык збіў F-16 з паўмесяцам на кіле.

Знішчальнік F-16 ВПС Турцыі.

У расейскіх дзяржаўных і калядзяржаўных СМІ адразу ўзнялася антытурэцкая істэрыка. На наступны дзень пасля інцыдэнту аказалася, што Турцыя, з якой Масква толькі некалькі месяцаў таму планавала развіваць шматмільярдныя энергетычныя праекты, «заўсёды была смяротным ворагам Расеі».

Тыя ж самыя людзі, якія лічаць беларускую і ўкраінскую дзяржаўнасць недарэчнасцю, пачалі гуляць у стратэгаў і маляваць мапы магчымых падзелаў Турцыі і згадваць, як «матухна Кацярына» марыла захапіць Басфор.

Шляхі да Царграда

Маскоўскія, хоць яны і пераехалі ў Санкт-Пецярбург, цары, пачынаючы недзе з Кацярыны ІІ пачалі рабіць праекты па захопе Стамбула, прапагандысцкі заяўляючы пра сваё быццам бы існуючае права на візантыйскую спадчыну.

Падобныя ідэі былі і ў Мікалая І, валадарства якога скончылася паразай у Крымскай вайне, і ў Расеі часоў Мікалая ІІ. Вялікадзяржаўніцкія мары расейскага грамадства прывялі да поўнага краху апошняга.


Пасляваенны парад Савецкай Арміі.

Аднак імперскі шавінізм у новай абгортцы вярнуўся вельмі хутка. Яшчэ да заканчэння Другой сусветнай вайны, Сталіна, які ўжо адчуваў сябе валадаром паловы Еўропы, таксама пацягнула да праліваў, якія злучаюць Чорнае і Міжземнае моры.

Яшчэ ў 1943 годзе амбасадар СССР у Турцыі Вінаградаў адзначыў, што нават калі Турцыя не выступіць на баку антыгітлераўскай кааліцыі, гэтая адмова «не будзе без карысці для нас, бо павялічыць рахунак нашых прэтэнзій да Турцыі, які мы ў свой час можам прадʼявіць».

Сітуацыя вельмі нагадвала паводзіны Масквы ўжо ў нашы часы – сталінскае кіраўніцтва хоць і не казала адкрыта, што «знікненне Расейскай імперыі ёсць самай вялікай геапалітычнай катастрофай», аднак, як у выпадку з Фінляндыяй, Польшчай, Румыніяй, вырашыла, што нарэшце прыйшоў час «вярнуць страчаныя тэрыторыі».


Мапа тэрытарыяльных патрабаванняў СССР

Размова пайшла пра савецка-турэцкую дамову 1921 года, якую заключыла бальшавіцкая Масква, імкнучыся выйсці з дыпламатычнай ізаляцыі. Тады Турцыя атрымала ад Саветаў раёны Карса, Ардагана і Артвіна ў Закаўказзі.

Масква 24 гады прызнавала новую мяжу, аднак цяпер вырашыла, што сіла дазваляе разарваць двухбаковыя дамоўленасці, якія раптам сталі «несправядлівымі».

Нахрапам

19 сакавіка 1945 года СССР заявіў пра неабходнасць денансацыі дамовы як «страціўшай сваё значэнне». У рыторыцы замест «расейскага свету» выкарыстоўваліся «армянскі» і «грузінскі.

«У 1921 годзе туркі скарысталіся слабасцю Савецкай дзяржавы і аднялі (!) у яе частку Савецкай Арменіі. Армяне ў Савецкім Саюзе адчуваюць сябе пакрыўджанымі. Таму Савецкі ўрад і падняў пытанне пра вяртанне тэрыторый, якія законна (!) належаць Савецкаму Саюзу», – сказаў кіраўнік Наркамата вонкавых справаў СССР Вячаслаў Молатаў летам 1945 года заходнім дыпламатам на Патсдамскай канферэнцыі.

Але не армяне, грузін і іх дыскрымінацыя ў Турцыі цікавілі Маскву.

Галоўнай мэтай тэрытарыяльных прэтэнзій у Закаўказзі, як лічыць экс-міністр вонкавых спраў РФ Ігар Іваноў, было проста стварыць ціск на Турцыю, каб тая пайшла на саступкі ў пытанні Басфора і Дарданэл.

«Калі турэцкі ўрад лічыць непрымальным урэгуляванне абодвух гэтых пытанняў, мы гатовыя заключыць пагадненне, якое датычыцца толькі праліваў», – шчыра сказаў Молатаў у Патсдаме.


Басфор і Дарданэлы

Такім чынам, армянаў і грузінаў Масква была гатовая ціха прадаць за ваенную базу і выхад у Міжземнае мора.

СССР хацеў паставіць пралівы пад сумесны савецка-турэцкі кантроль – стварыўшы там сваю ваенна-марскую базу – і, магчыма, не збіраўся на гэтым спыняцца. Рэальныя планы ці свае пагрозы былі агучаныя ў размове з амбасадарам Югаславіі Паповічам: «скіданне Турцыі з Балканскай паўвыспы, выхад на Эгейскае мора».

Турцыя адмовіла Маскве, і звярнулася па дапамогу да іншых пераможцаў у вайне – ЗША і Вялікабрытаніі.

У канцы 1945 года патрабаванні Масквы выйшлі за межы дыпламатычных дэбатаў і сталі публічнымі.

Ад брамы – ды прама

Адкрыта згадаў аб савецкіх патрабаваннях у сваёй прамове ў Фултане Уінстан Чэрчыль у сакавіку 1946 года: «Турцыя і Персія (Іран) глыбока занепакоеныя і ўстурбаваныя прэтэнзіямі, якія ім закідаюцца, і ціскам з боку маскоўскага ўрада».

Стварэнне марыянеткавых прасавецкіх рэжымаў у Еўропе і адкрытыя пагрозы Масквы ў бок Турцыі рабіліся тым грунтам, на якім паўстала Халодная вайна.

Вясной 1946 года ў Басфор прыйшоў магутны амерыканскі лінкор «Missouri», што выклікала абурэнне ў Маскве


На фота – Missouri вядзе агонь па камуністах падчас вайны ў Карэі

7 жніўня 1946 года СССР звярнуўся да Турцыі з нотай, у якой вымагаў новых саступак у Басфоры і Дарданэлах. Каля турэцкіх берагоў хадзілі савецкія ваенныя караблі. На Балканах была сабраная вялікая групоўка наземных войск.

У адказ 6-ы флот ЗША адправіў групу караблёў да берагоў Турцыі.

Рэкет і пагрозлівыя рухі савецкіх караблей і войск прывялі да адваротнага выніку. Захад прыйшоў да меркавання, што апетыт Сталіна расце падчас ежы, у сувязі з чым будзе лепш яго не карміць.

024239
Амерыканскі авіяносец Franklin D. Roosevelt у Міжземным моры, канец 1940-х.

«Турцыя вядзе незалежную вонкавую палітыку, а за парадамі і дапамогай звяртаецца да заходніх дэмакратый. Савецкі Саюз не хоча зачыняць на гэта вочы, таму і ставіцца мэта – разваліць сучасную незалежную турэцкую дзяржаву і стварыць васальную ці «сяброўскую» дзяржаву», – пісаў у гэты час амбасадар ЗША ў Турцыі Вільсан.

Патрабаванні СССР толькі сталі стымулам для больш хуткага руху Анкары ў бок ЗША і Вялікай Брытаніі – краіны Захада забяспечылі Турцыі палітычнае падтрыманне і сталі на яе бок у савецка-турэцкай спрэчцы.

Нахабства Сталіна дапамагло Захаду абудзіцца, стала адным з фактараў усё больш актыўнага супраціву пашырэнню савецкага таталітарызму.

У кастрычніку 1946 года Вялікабрытанія і ЗША заявілі, што цалкам падтрымліваюць Турцыю, і прымусілі Маскву адступіць.
Канфлікт вакол Турцыі стаў адной з прычын зʼяўлення ў 1949 годзе самага першага плана атамнай вайны супраць СССР – плана «Dropshot» – на той выпадак, калі Масква пачне агрэсію супраць краін Заходняй Еўропы, Бліжняга Ўсходу (у тым ліку Турцыі) ці Японіі. Слова «Турцыя» сустракаецца ў плане «Dropshot» больш за 70 разоў – куды часцей, чым Нямеччына ці Францыя, якія сталі б галоўным месцам баёў у Еўропе.

Жорсткая пазіцыя хаўруснікаў, фінансавая і ваеннае падтрыманне Турцыі прымусілі Сталіна перадумаць. У 1951 годзе ЗША ухвалілі ўступленне Турцыі ў НАТО, і ў наступным годзе Турцыя стала сябрам арганізацыі.


У 1950-1953 годзе турэцкая пяхотная брыгада ў складзе войск ААН пад амерыканскім камандваннем ваявала супраць камуністаў падчас вайны ў Карэі.

«Разбілі немцаў. Галава пайшла кругам. Туркі, таварышы, сябры. Не, давайце напішам ноту, і адразу Дарданэлы аддадуць. Такіх дурняў няма… Мы згубілі сяброўскую Турцыю і зараз маем амерыканскія базы на поўдні, якія трымаюць пад абстрэлам наш поўдзень», – эмацыйна апісаў гэтыя падзеі Мікіта Хрушчоў на пленуме ЦК КПСС у 1957 годзе.

Як толькі памёр Сталін, Молатаў ад імя СССР адмовіўся ад тэрытарыяльных прэтэнзій да Анкары. Што, як паказвае практыка, нічога не значыць, калі ў Маскве кіруюць аматары сталінскай вонкавай паліткі.

P.S. Да юбілею «праліўнага крызісу», дадамо яшчэ адно супадзенне – роўна за 10 год да новага расейска-турэцкага канфлікту, у 2005 годзе, выйшаў фільм «Турэцкі гамбіт», прысвечаны вайне Расеі і Турцыі на Балканах у 1877-1878 гадах.
«Ізноў на вайну ідуць Пецярбург і Стамбул», – словы з песні да фільму.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары