70 чалавек шукалі жанчыну ў лесе, а знайшлі ўдома


Пошукі пенсіянеркі, якая адправілася ў грыбы і заблукала, прывялі да яе хаты.

81-гадовая жыхарка Маладзечна адправілася ў лес каля вёскі Плёсы ў сераду 29 жніўня. Ратаўнікі атрымалі паведамленне каля 9-й вечару. Неўзабаве на пошукі адправіліся працаўнікі гарадскога раённага аддзелу па надзвычайным сітуацыям, міліцыянты і аддзел спецыяльнага прызначэння МНС – агулам каля 70 чалавек.

Працы цягнуліся да 2-й уночы, але безвынікова. Раніцай у чацвер ратаўнікі працягнулі пошукі, падчас якіх сустрэлі мужчыну ў сталым веку, які распавёў, што напярэдадні бачыў жанчыну, падобную на тую, якую шукаюць.

«Яна з’язджала аўтобусам у бок гораду», – распавёў мужчына пошукавай групе.

Пасля збору інфармацыі з аўтапарку міліцыя адшукала пенсіянерку каля ейнай хаты. «Маладзечанская газета» піша, што жанчына правяла ноч на на двары, бо не мела ключа.

«За састарэлымі людзьмі, якія маюць парушэнні памяці і праблемы са здароўем, неабходна сачыць таксама, як за дзецьмі. Яна магла замерзнуць у лесе і загінуць. Фактычна гэта можна назваць пакіданнем бездапаможнага чалавека ў небяспецы. Добра, што ўсё добра скончылася», – падкрэсліў прадстаўнік маладзечанскага аддзелу па надзвычайным сітуацыям.

ДД

Стужка навінаў