7 тысячаў асобаў без вады з лістапада. Чыноўнікі: «У людзей вада даўно ёсць»


Хто на зіму запасае сочыва, а ў 7-тысячным паселішчы Карма, што ў Гомельскай вобласці, запасаюцца вадою.

«Мы запасаемся, бо ўжо ведаем што вады не будзе, запасаем», – зазначае Вольга, жыхарка Кармы.

«Вады набіраем у запас. У банкі, у каструлькі, у вядро», – пацвярджае Надзея – іншая жыхарка паселішча.

І гэтак яшчэ з восені, калі ў ваколіцах вуліцаў Савецкай і Леніна пачалася замена старога чыгуннага водаправоду на пластыкавы. Ініцыятыву жыхары падтрымлівалі, пакуль не пабачылі, як яе рэалізоўваюць.Трубы паклалі ў лістападзе, засыпалі зямлёю ды залілі асфальтам. Пазней асфальт ламалі, каб далучыць да новых трубаў іншыя дамы. У выніку прыблізна ў дзвюх тысяч жыхароў Кармы, паводле нашых падлікаў, і пачаліся перабоі з вадою.

«Бывае, што няма з раніцы, да вечара зʼяўляецца», – распавядае Таццяна, жыхарка Кармы.

«У мяне дзіця на сумесі, на штучным харчаванні, я не магу нармальна пакарміць дзіця. Даводзіцца кожны раз купляць па 5-6 бутэлек вады, а яна ў нас каштуе не танна», – абураецца Марыя, мясцовая жыхарка.

Марыя скардзілася ў жыллёвае ўпраўленне, але, відавочна, скаргаў не пачулі.

«У людзей вада даўно ёсць. І вада, і ацяпленне ўключанае гэтак, як належыць паводле графіку. Людзі ацяпляюцца, і прэтэнзіяў яшчэ ні ад каго не паступала», – мяркуе Таццяна Вяркеенка, Кармянскі райвыканкам.

Затое Таццяна Вяркеенка, якая працуе ў аддзеле ідэалагічнай працы Кармянскага райвыканкаму, сама мела прэтэнзіі да карэспандэнта Кастуся Жукоўскага, які здымаў гэты сюжэт. У выніку журналіста тры гадзіны пратрымалі ў аддзеле міліцыі.

Адказныя ж за працы прадстаўнікі водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі абяцаюць канец бязводнай эпапеі з дня на дзень.

«Заўтра апошняя будзе ўрэзка. Водазабеспячэнне будзе бесперабойнае. Уклаліся ў тэрміны і нават скарацілі іх. Работы вядуцца зімою, бо так выдзеленыя бюджэтныя грашовыя сродкі», – зазначае Аляксандр Чупурын, начальнік водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі.

Пакуль жа жыхары Кармы, як мала хто ў Беларусі, цешацца з цёплай зімы. Ды спадзяюцца, што прынамсі ў святочныя дні вада з крана пацячэ.

Марына Вашкевіч, Белсат

Стужка навінаў