Вучэнні кіргізскіх спецслужбаў


Службы бяспекі краіны зладзілі адмысловыя трэніроўкі на выпадак турэмных бунтаў.

Ад пачатку года ўмовы ўтрымання ў турмах і калоніях зрабіліся ў Кыргызстане больш жорсткія: часцей пачалі праводзіць ператрусы, скарацілі колькасць сустрэчаў. 16 студзеня ў СІЗА № 1 у Бішкеку пачаліся закалоты, жорстка задушаныя спецназам. Пасля гэтага больш за 7000 вязняў распачалі галадоўку пратэсту. А два тыдні таму больш за 1000 вязняў кіргізскіх турмаў зашылі сабе раты на знак пратэсту супраць жахлівых умоваў утрымання.

Улады Кыргызстану загадалі не дапусціць паўтарэння пратэстаў і бунтаў у турмах. Сёння, 10 лютага, 300 жаўнераў спецыяльных войскаў зладзілі адмысловыя вучэнні ва ўмовах магчымага турэмнага бунту.

“Сёння вучэнні адбываліся паводле адной з тэмаў – ліквідацыя масавых беспарадкаў у папраўчай установе. Нават калі ва ўсіх зонах распачнуцца масавыя беспарадкі, сілаў і сродкаў нашых міністэрстваў хопіць, каб спыніць беспарадкі”, – заявіў палкоўнік Эсэнбек Джумакадыраў.

Сцэнар быў падобны да падзеяў у Бішкекскай турме. Улады плануюць праводзіць такія вучэнні рэгулярна, каб жаўнеры набраліся неабходнага досведу.

Турэмныя бунты ў былых савецкіх рэспубліках Цэнтральнай Азіі адбываюцца рэгулярна. Гэтак, летась у ліпені ў суседнім Казахстане падчас выбуху ў турме загінулі 6 чалавек. У 2005 г. некалькі вязняў загінулі цягам стыхійнага бунту ў кіргізскіх калоніях.

У грамадскім фондзе “Голас свабоды”, які займаецца абаронаю правоў чалавека ў Кыргызстане, гавораць, што інфармацыя з месцаў зняволення амаль не паступае, праваабаронцаў туды таксама не дапускаюць.

belsat.eu

Стужка навінаў