Кіроўцы адмаўляюцца ад дапамогі Чырвонага Крыжа


Яны думаюць, што ад іх хочуць грошай.

З-за моцных маразоў на Менскай кальцавой аўтадарозе з’явіліся валанцёры Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа.

Каманда на спецтэхніцы курсуе па самых папулярных маршрутах і дапамагае кіроўцам, якія трапілі ў складаную сітуацыю. Валанцёры – удзельнікі менскага аўтаканалу 7FM, гэта радыёканал для аўтамабілістаў, якія абменьваюцца інфармацыяй пра заторы і небяспечныя выпадкі на дарогах і проста размаўляюць паміж сабою. Дзеля гэтага яны ўсталёўваюць у сваіх аўтах радыёстанцыі адмысловага дыяпазону і настройваюцца на 7 FM канал 27,030 MHz. Агулам на сайце Менскага аўтаканалу зарэгістраваліся 173 чалавекі.

Перасоўны пункт для аказання дапамогі – усюдыход з коўдрамі ды гарачаю гарбатаю на борце, які можа не толькі абагрэць кіроўцаў, але і дапамагчы запусціць рухавік або адбуксаваць аўтамабіль.

Цікава, што не раз кіроўцы ставіліся да прапановаў дапамагчы з недаверам: “Я доўга тлумачыў, што гэта Чырвоны Крыж, што нам не трэба грошай, нам нічога не трэба, і адзіная мэта – дапамагчы. Шмат хто проста не верыў, а некалькі чалавек увогуле адмовіліся”, – распавядае валанцёр Аляксандр Гнацюк-Данільчук.

У сярэднім шасцідзесяці кіроўцам за дзень дапамагаюць інспектары ДАІ, якія возяць з сабою тросы, драты дзеля наладавання акумулятара і тэрмас з гарбатаю. Дапамагаюць таксама і пешаходам – асабліва вяскоўцам, якія вымушаныя хадзіць на вялікія адлегласці.

Адмыслоўцы раяць па магчымасці пазбягаць далёкіх паездак і старанна падрыхтаваць аўтамабіль да эксплуатацыі пры нізкай тэмпературы: выкарыстоўваць зімовае дызельнае паліва, праверыць якасць вадкасці ў рухавіку, наладаванне акумулятарнай батарэі, спраўнасць сістэмы ацяплення, а таксама запоўненасць бочкі школозмывальніка вадкасцю супраць замярзання.

belsat.eu

Стужка навінаў