Зміцер Хведарук у «Гарачым каментары»


https://youtu.be/HbHkffN3208
У Менску сілавікі ўварваліся на паседжанне моладзевай суполкі “Ліцвінскі клуб” ды затрымалі больш за 30 чалавек. А праз паўтары гадзіны адпусцілі ўсіх без складання пратаколаў.

Клуб сабраўся ў будынку пратэстанцкай царквы “Ян Прадвеснік”. Паводле ўдзельнікаў сустрэчы, спецназаўцы пад’ехалі на трох аўтобусах, дубінкамі выбілі шкло ды ўварваліся ўсярэдзіну. Затрымалі ўсіх прысутных, апроч гаспадыні ды дзяцей.

Падставаю для налёту, паводле спецназу, было тэлефанаванне з паведамленнем, што ў доме вырабляюць наркотыкі. Аднак ні падчас уварвання, ні ў РУУС праваахоўнікі не здолелі ўцямна патлумачыць прычыны сваіх дзеянняў.

Тым часам улады не толькі не караюць, а нават узнагароджваюць галоўных герояў бяспраўя. Гэтак, праваахоўнікі, што ўдзельнічалі ў нашумелым “рэйдзе” ў Крупках, прызнаныя найлепшымі сярод раённых унутраных аддзелаў Менскай вобласці. Летась у лістападзе спецназ правёў “рэйд”, падчас якога незаконна затрымалі каля 50 чалавек.

Паводле былога лідара “Маладога фронту” Змітра Хведарука, cведкі падзеяў дагэтуль у шоку: людзі не разумеюць, чаму мірны сход ператварыўся ў сцэну з баевіка.

“Адразу, як гэтыя людзі ў чорным трапілі ў памяшканне, яны зазначылі, што на гарачую лінію 102 прыйшло паведамленне, што ў доме, дзе жыве пастыр царквы, месціцца нелегальная падпольная лабараторыя для сінтэзу наркатычных рэчываў. І з гэтай нагоды яны вырашылі, што можна зайсці ў хату з адчыненымі дзвярыма праз вокны”, – кажа Хведарук.

Паводле яго, праваахоўнікі не назвалі сябе і не паказалі пасведчанняў, а ўдзельнікаў паседжання здымалі на відэа. Нават калі затрыманых прывезлі ў РАУС, тлумачэнняў яны не атрымалі.

“Ліцвінскі клуб” – гэта выключна сустрэчы пастыра царквы з вернікамі ды цікаўнымі людзьмі. То бок, гэта не палітычны клуб, дзе выпрацоўваюцца нейкія стратэгіі, тут не заклікаюць ні на якія мітынгі. Улады, напэўна, хочуць зазначыць, што не пацярпяць аніякай самаарганізацыі людзей”, – мяркуе Зміцер Хведарук.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары