«Белаўтадар» збіраецца павялічыць колькасць платных дарогаў


У найбліжэйшых планах – браць грошы за праезд па трасах Менск – Гомель і Менск – Горадня.

Цяпер у Беларусі існуе адзіная платная дарога – М-1/Е30. Плата спаганяецца з усіх транспартных сродкаў, якія праязджаюць па гэтай аўтамагістралі, за выняткам легкавых аўтамабіляў, якія належаць беларускім грамадзянам.

Між тым 43 % беларускіх дарогаў патрабуюць абнаўлення. Паводле справаздачы “Белаўтадару”, цяпер на рэканструкцыю патрэбна 4 трлн руб. Аднак без капрамонту выдаткі на ўтрыманне дарогі штогоду павялічваюцца ў два-тры разы.

Тым не менш, паводле начальніка кіраўніцтва ўтрымання дарожнай сеткі дэпартаменту “Белаўтадар” Міністэрства транспарту і камунікацыяў Аляксандра Галаўнёва, апошнія пяць гадоў бюджэтнае фінансаванне на рамонт не павялічваецца. Менавіта таму дарожным службам даводзіцца ўжываць такія непапулярныя сярод аўтамабілістаў тэхналогіі, як рамонт ямінаў і павярхоўнае апрацаванне. Часткова развязаць праблему могуць платныя дарогі. Да прыкладу, спагнанне платы за карыстанне магістраллю М1/Е30, паводле прадстаўніка “Белаўтадару”, цалкам акупляе яе ўтрыманне і часткова – рамонт.

“Платныя дарогі – адна з крыніцаў фінансавання рамонту і ўтрымання дарогаў. Мы займаем прынцыповую пазіцыю: без кардынальнага паляпшэння дарожных умоваў казаць пра ўвядзенне платы за праезд па той ці іншай дарозе не варта. Але трасы Менск – Гомель, Менск – Горадня праз некаторы час будуць на самым высокім узроўні: укладзена шмат сродкаў, у тым ліку замежных інвестыцыяў. Таму аплату за праезд мы спачатку паспрабуем браць на гэтых маршрутах, затым – на дарогах першай катэгорыі. З цягам рэканструкцыі такая сістэма будзе распаўсюджвацца на ўсе чатырохпалосныя дарогі краіны, бо крэдытныя рэсурсы трэба вяртаць”, – заявіў Аляксандр Галаўнёў.

Некаторыя чыноўнікі адстойваюць ідэю браць грошы таксама з грамадзянаў Беларусі на легкавых аўтах. Каментуе дырэктар інфармацыйна-асветніцкай арганізацыі “За аўта” Арцём Шаркоў: “Калі дарога платная, яна мусіць быць нармальнай якасці, а грамадства мае ведаць, як трацяцца гэтыя грошы. Пакуль што атрымліваецца сітуацыя, што замоўца будаўніцтва – Міністэрства транспарту, а самі будаўнікі – “Белаўтадар”, якія падпарадкоўваюцца гэтаму міністэрству. Пра які кантроль якасці тады можна казаць? Але і цяпер усе кіроўцы ўжо ўтрымліваюць беларускія дарогі – праз падаткі, акцызы на паліва ды размытненне аўтамабіляў, бо “Белаўтадар” фінансуюць з бюджэту”.

Сярэдні кошт праезду на дарогах Еўропы складае 0,05–0,1 еўра з легкавога аўтамабіля за 1 км дарогі і 0,15–0,25 еўра з грузавога аўтамабіля. Адзіная платная беларуская дарога таннейшая – каля 0,01 еўра за 1 км. Уся працягласць ад Берасця да Менску каштуе 8 еўраў.

Летась на рэспубліканскі дарожны фонд было выдаткавана 1,2 млрд руб. “Белаўтадар” вырашыў накіраваць асноўную частку сродкаў на рамонт дарожнага пакрыцця. Будаўніцтва і рэканструкцыя дарогаў будзе ажыццяўляцца коштам крэдытных сродкаў “Беларусбанку” і Сусветнага банку, а таксама кітайскіх інвестыцыяў.

belsat.eu

Стужка навінаў