Нацбанк Вугоршчыны спальвае грошы ў печцы


Банкнотам, якія выйшлі з ужытку, у Вугоршчыне знайшлі новае прызначэнне. У адмысловым цэнтры Нацыянальнага банку краіны іх спрэсоўваюць у брыкеты, а пасля выкарыстоўваюць як паліва для сацыяльна неабароненых слаёў насельніцтва.

Вырабам брыкетаў з непатрэбных грошай займаюцца шмат якія банкі, але вугорскі падышоў да справы больш творча. Звычайна грошы спальваюць на вялікіх прадпрыемствах або вывозяць на звалку, кажа дырэктар у галіне матэрыяльнага забеспячэння Нацыянальнага банку Вугоршчыны Барнабаш Фэрэнцы. “Мы ж знайшлі новы падыход: ахвяруем іх дабрачынным арганізацыям дзеля выкарыстання ў сельскай мясцовасці замест традыцыйных відаў паліва – такіх, як драўніна, вугаль або побытавыя адкіды”.

Выявілася, што банкноты гараць гэтак жа добра, як вугаль. “Мы правялі лабараторныя даследаванні брыкетаў. Найперш, яны не ствараюць небяспекі для здароўя, так што іх можна спальваць у адпаведных умовах. І, па-другое, яны маюць такую ж энергаёмістасць, як буры вугаль, таму імі цалкам можна ацепліць будынак грамадскай установы або дзіцячага дому”, – дадаў Барнабаш Фэрэнцы.

Штогод Нацыянальны банк запрашае да ўдзелу ў праграме дабрачынныя арганізацыі ды абірае з іх двух пераможцаў, якія атрымліваюць 20–30 тон брыкетаў, зробленых прыкладна з 200 млрд форынтаў.

belsat.eu
https://youtu.be/WdpxZxB70ro

Глядзі таксама
Каментары