Новы перамоўнік ад Еўразвязу?


Дырэктар дэпартаменту ў пытаннях Расеі ды Усходняга партнёрства Еўрапейскай службы вонкавага дзеяння Гунар Віганд плануе сустрэцца з беларускімі праваабаронцамі, сваякамі палітвязняў, працаўнікамі дыпламатычнага корпусу і прадстаўнікамі ўраду. Гэта дасць магчымасць «зрабіць агляд цяперашняга ўзроўню адносінаў паміж ЕЗ і Беларуссю і назваць пытанні, якія выклікаюць непакой у ЕЗ», адзначылі ў прэс-службе Прадстаўніцтва Еўразвязу ў Беларусі.

Як паведамляюць у прадстаўніцтве, галоўная мэта візіту – «усталяваць еўрапейскі дыялог у пытаннях мадэрнізацыі з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі».

«Еўразвяз мае на мэце падтрымаць будучае пераўтварэнне Беларусі ў краіну, дзе пераважаюць дэмакратыя, вяршэнства права і павага правоў чалавека. ЕЗ працягвае працаваць з тымі, хто падзяляе гэтыя імкненні, – падкрэслівае прэс-служба. – ЕЗ, як і раней, імкнецца звяртацца да ўсіх беларусаў і выступае за аб’яднаны падыход да намаганняў, накіраваных на трансфармацыю і мадэрнізацыю. Еўразвяз узаемадзейнічае з беларускаю грамадзянскаю супольнасцю ў абмежаванні патэнцыялу еўрапейскай будучыні для краіны».

У прадстаўніцтве ЕЗ адзначаюць: існуе шмат галінаў, у якіх Еўразвяз ужо дапамагае або можа аказаць дапамогу Беларусі, у тым ліку ў рамках Еўрапейскай палітыкі суседства і Усходняга партнёрства.

«Ёсць план дзеянняў для правядзенні рэформаў. Ёсць патэнцыял эканамічнай інтэграцыі, інвестыцыяў і падтрымання эканамічнага развіцця краіны, магчымасць узмацніць супрацу з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі ды развіцця, Еўрапейскім інвестыцыйным банкам, існуе магчымасць макраэканамічнай дапамогі з боку ЕЗ», – адзначае прэс-служба Прадстаўніцтва ЕЗ.

«Але ёсць умовы, выкананне якіх неабходнае для таго, каб гэтымі магчымасцямі можна было скарыстацца, – падкрэсліваюць у прадстаўніцтве. – ЕЗ працягне актыўна супрацоўнічаць з беларускаю грамадзянскаю супольнасцю і будзе імкнуцца да таго, каб абазначыць ключавыя рэформы, неабходныя, каб узніклі магчымасці для падтрымання».

Візіт Гунара Віганда працягнецца да 10 лютага.

belsat.eu

Стужка навінаў