Выбух у інтэрнаце вайскоўцаў расследуе адмысловая камісія


Пад заваламі інтэрнату, разбуранага ў выніку выбуху ў вёсцы Малінаўка Лагойскага раёну, знайшлі цела мужчыны, паведаміла сёння Міністэрства надзвычайных сітуацыяў. Пра асобу загінулага пакуль нічога не паведамляецца. Інтэрнат належыць Ваенна-паветраным сілам Войскаў супрацьпаветранай абароны. Прычыны выбуху высвятляе адмысловая камісія, паведаміла вечарам 8 лютага прэс-служба Міністэрства абароны.

Выбух адбыўся 8 лютага ў трохпавярховым трохпад’ездным панэльным будынку, які складаўся з 21 кватэры. Першыя падраздзяленні МНС прыбылі на месца праз 9 хвілінаў. Да прыбыцця ратаўнікоў ваеннаслужачыя вайсковай часці № 30151, на тэрыторыі якой месціцца дом, эвакуявалі 8 чалавек, паведамляе МНС.

Працаўнікам МНС удалося ўратаваць чатырох чалавек – іх даставілі ў Лагойскую цэнтральную раённую бальніцу. Пазней дваіх пацярпелых, якія былі ў цяжкім стане, перавялі ў сталічную клініку. Адну жанчыну пасля аказання дапамогі адпусцілі для амбулаторнага лячэння. Чацвёрты пацярпелы застаецца ў Лагойскай бальніцы. Амбулаторна дапамогу аказалі 10 жыхарам разбуранага дому, паведамляе МНС.

У выніку выбуху абрушыліся пліты перакрыцця другога пад’езду, 9 кватэраў разбураныя. Пацярпелых магло быць значна больш, калі б гэта адбылося вечарам, але днём шмат хто быў на працы, а дзеці – у школе.

Жыхароў дому часова пасялілі ў санаторый «Рудня» медычнага цэнтру МТЗ у вёсцы Янушкавічы Лагойскага раёну.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары