Аляксандр Класкоўскі ў “Гарачым каментары”


Пра неабходнасць зменаў у апазіцыйных колах кажуць палітолагі, кажуць журналісты, грамадзяне. Алег Корбан гаворыць “досыць!” Анатолю Лябедзьку. Малады палітык кідае выклік і жадае змяніць старога лідара.

Моладзь гаворыць пра жаданне рабіць змены і мае ўласныя планы, што да гэтага. Аднак ці старыя палітыкі дапусцяць? І ці магчымыя новыя лідары?

Палітолаг Аляксандр Класкоўскі мяркуе, што апазіцыі патрэбныя новыя лідары. Адны і тыя ж твары ў “апазіцыйным тэлевізары” выклікаюць эфект стомленасці, да таго ж за імі цягнецца шлейф паразаў.

У той жа час змены часта вядуць да яшчэ большага раздрабнення. Тут эксперт прыгадвае чарговы раскол пасля змены кіраўніцтва ў Партыі БНФ. Аляксандр Класкоўскі заўважае, што сёння апазіцыя не ёсць самастойным гульцом. Спрэчкі ж – гэта адлюстраванне барацьбы ў апазіцыйным гета, якою кіруюць амбіцыі і змаганне за рэсурсныя плыні, што не раз выдаецца за барацьбу прынцыпаў.

Алега Корбана палітолаг называе “вельмі маладым чалавекам” з “заслугамі ў вулічнай барацьбе”. Паводле эксперта, нейкіх канцэптуальных рэчаў або арганізацыйнага досведу ён прапанаваць пакуль не можа. Ягоны ўчынак можна назваць жэстам адчаю: “Маўляў, кіраўніцтва забранзавела, не слухае новых ідэяў”. Ёсць і іншая версія: PRаўскі спектакль, разыграны дзеля таго, каб Анатолю Лябедзьку не давялося пераабірацца на кіраўніка партыі, якую ён узначальвае ўжо дванаццаць гадоў, на безальтэрнатыўнай аснове.

belsat.eu

Стужка навінаў