У адміністрацыі калоніі пачаліся прэтэнзіі да Францкевіча


Асуджанага ў “справе анархістаў” Аляксандра Францкевіча пазбавілі спаткання. Як паведаміла “Белсату” маці палітвязня Таццяна Францкевіч, на падставе дысцыплінарнага спагнання.

“Сёння мелася адбыцца кораткатэрміновае спатканне, аднак, як папярэдзіла кіраўніцтва калоніі, яго не будзе з-за таго, што сын нібыта без дазволу выйшаў за тэрыторыю свайго атраду”, – распавядае спадарыня Таццяна. Паводле жанчыны, гэта першы такі выпадак, раней з боку адміністрацыі прэтэнзіяў да Аляксандра не было.

Яна спадзяецца, што наступным разам, у траўні, на Дзень народзінаў сына, ім дазволяць доўгатэрміновае спатканне. Пра тое, што Аляксандр Францкевіч напісаў адпаведную заяву на імя кіраўніцтва, спадарыня Таццяна даведалася сёння ў калоніі. У адміністрацыі “Ваўчыных нораў” жанчыне таксама распавялі і пра непрыемныя новаўвядзенні: перадаваць цёплыя рэчы вязням цяпер забараняецца.

“Спасылаюцца на нейкую пастанову згодна з якой і забараняецца. Маўляў, ходзяць усе ў розным, а павінны быць у аднолькавай форме. Але ж ці можна ў турэмнай робе выходзіць у такія маразы, яна ж уся ношаная-пераношаная?” – непакоіцца за здароўе сына Таццяна Францкевіч.

Раней зняволеным дазвалялася двойчы на год атрымліваць ад сваякоў рэчавыя перадачы. Цяпер набываць цёплае адзенне можна будзе толькі за грошы. Але што можна набыць за 170 тысяч рублёў (столькі грошай на месяц мае права атрымліваць з волі асуджаны, калі ў яго няма дысцыплінарных пакаранняў), улічваючы, што частка сродкаў ідзе на набыццё прадметаў асабістай гігіены і ежы, адзначае Таццяна Францкевіч.

Паводле спадарыні Таццяны, Аляксандр у лістах неаднаразова скардзіўся на тое, што да яго трапляюць не ўсе нумары газетаў “Народнай волі” і “Нашай Нівы”, на якія ён падпісаны. Аднак, як запэўніла кіраўніцтва калоніі жанчыну, больш перабояў з незалежнаю прэсаю не будзе. “А ўвогуле, Аляксандр піша, што ў яго ўсё нармалёва, настрой бадзёры. З прашэннем аб памілаванні да яго апошнім часам не чапляюцца”, – паведаміла Таццяна Францкевіч.

Аляксандра Францкевіча асудзілі ў “справе анархістаў” на тры гады пазбаўлення волі. Суд прызнаў яго вінаватым у здзяйсненні шэрагу акцыяў, у тым ліку ў нападзе на амбасаду Расеі ў Менску ў жніўні 2010 г. Таксама Францкевіч быў абвінавачаны ў “камп’ютарным сабатажы” і “распрацоўванні, выкарыстанні ці распаўсюдзе шкодных праграмаў”. Адбывае пакаранне ў івацэвіцкай калоніі № 22 “Ваўчыныя норы”. Беларускія праваабаронцы прызналі Аляксандра Францкевіча, як і іншых асуджаных у “справе анархістаў”, палітвязнем.

belsat.eu

Стужка навінаў