Новая прапанова ад Някляева: грамадзянскія дамовы


“Гавары праўду!”, растлумачыў ён, чакае ад людзей паведамленняў пра мясцовыя праблемы, прапановаў што да іх ліквідацыі, а таксама інфармацыі пра тое, хто менавіта тармозіць развязанне гэтых праблемаў. Са свайго боку, “Гавары праўду!” забяспечыць грамадзянам падтрыманне юрыстаў ды іншых спецыялістаў, будзе весці ліставанне з уладамі, арганізоўваць збор подпісаў, пікетаў, прыцягваць да праблемаў увагу медыяў і грамадскасці.

Пра гэта лідар кампаніі, кандыдат на прэзідэнцтва Беларусі на выбарах 2010 г. абвесціў 8 лютага на прэс-канферэнцыі ў Менску. Як адзначыў Някляеў, поспех любой партыі, арганізацыі ці кампаніі залежыць ад таго, наколькі паспяхова яна рэпрэзентуе інтарэсы насельніцтва. “Гавары праўду!”, паводле яго, імкнецца выйсці за межы 20-адсоткавага падтрымання, у якім “апазіцыя боўтаецца ўжо 20 гадоў”.

Намеснік кіраўніка кампаніі Андрэй Дзмітрыеў адзначыў, што “60 % беларусаў не давяраюць нікому”. “Мы хочам, каб яны сталі давяраць нам”, заявіў ён.

“У Беларусі ёсць “новая большасць”, якая хоча пераменаў, – мяркуе ён. – Першым крокам будзе заключэнне грамадзянскай дамовы з гэтаю “новаю большасцю” на рэпрэзентацыю яе інтарэсаў. <…> Другі кірунак нашай працы – гэта тое, што мы называем “школаю грамадзяніна”: тлумачэнне людзям, якія правы ў іх ёсць і як яны могуць іх абараняць”.

Як паведаміў Дзмітрыеў, праз месяц-два з сайту “Гавары праўду!” можна будзе адпраўляць скаргу, заяву ў любыя інстанцыі краіны.

На думку Уладзіміра Някляева, пазнавальнасць апазіцыйных структураў у грамадстве дастаткова высокая. “Але пазнавальнасць і рэйтынг – гэта розныя катэгорыі. Калі мы хочам павысіць рэйтынг, нам трэба ісці да людзей”, – перакананы Някляеў.

belsat.eu

Стужка навінаў