Дзмітрыя Бандарэнку могуць вызваліць?


Сёння ў Магілёўскай калоніі № 15 праходзіць паседжанне камісіі, якая прымае рашэнне, ці змяніць вязням рэжым адбыцця пакаранняў.

Жонка палітзняволенага Вольга Бандарэнка ў тое, што адносна ейнага мужа прымуць станоўчае рашэнне, амаль не верыць. “Ну хіба што на загад “зверху” яны атэстуюць Дзмітрыя на ўмоўна-датэрміновае вызваленне. Але гэта малаімаверна. Улады з вызвалення і Дзімы, і Андрэя Саннікава імкнуцца атрымаць усе выгоды. Нездарма ж на іх так ціснулі, каб яны падпісалі прашэнне на імя Лукашэнкі”, – мяркуе Вольга Бандарэнка.

Жанчына нагадвае, што Дзмітрыю Бандарэнку ўжо двойчы адмаўлялі ў датэрміновым вызваленні – кіраўніцтва калоніі палічыла, што палітвязень не стаў на шлях выпраўлення. Сядзець за кратамі каардынатарау грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” застаецца яшчэ дзесяць з паловаю месяцаў.

“Андрэй Саннікаў напісаў прашэнне два месяцы таму, але на волю дагэтуль не выйшаў. Што найбліжэйшым часам вызваляць Дзіму, я таксама не веру. Адзінае, уладзе зараз будзе складаней хлусіць. Раней Лукашэнка неаднаразова падкрэсліваў, маўляў, сядзяць таму, што не пішуць. Ну вось, напісалі. Цікава, што прыдумаюць гэтым разам?” – гаворыць Вольга Бандарэнка.

Дзмітрыя Бандарэнку, давераную асобу экс-кандыдата на прэзідэнцтва Андрэя Саннікава, асудзілі на два гады пазбаўлення волі. Вязень мае сур’ёзныя праблемы са здароўем. Летась у ліпені ў менскім шпіталі № 5 яму зрабілі складаную аперацыю на хрыбетніку. 1 лютага палітвязень напісаў прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі.

24 студзеня стала вядома, што з прашэннем аб памілаванні да прэзідэнта звярнуўся Андрэй Саннікаў. Як паведаміла журналістам ягоная жонка Ірына Халіп, зрабіў ён гэта яшчэ 20 лістапада – як яна мяркуе, у выніку катаванняў. Аднак дагэтуль абодва палітвязні застаюцца за кратамі.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары