Урад спадзяецца на інфляцыю 19–22 %


У 2012 годзе рост заработнай платы запланаваны на ўзроўні крыху больш за 4 %, паведаміў намеснік міністра эканомікі Аляксандр Ярашэнка на прэс-канферэнцыі ў Менску 8 лютага.

Намеснік міністра падкрэсліў, што рэальная заработная плата павінна “расці ў меру або крыху ніжэй за тэмпы росту прадукцыйнасці працы”. Рост прадукцыйнасці працы ў 2012 годзе прагназуецца на ўзроўні 5,7 %, удакладніў Ярашэнка.

Ён нагадаў, што ў пачатку 2011 года разрыў паміж тэмпамі росту заработнай платы і тэмпамі росту прадукцыйнасці працы складаў 20 % на карысць зарплаты, а ў канцы года сітуацыя змянілася. “Пакуль рост заробку адстае ад росту прадукцыйнасці працы. І гэту тэндэнцыю мы маем намер захаваць, каб не разганяць інфляцыйныя працэсы”, – растлумачыў Ярашэнка.

Намеснік міністра зазначыў, што паводле вынікаў 2011 года інфляцыя склала 108,7 %, а на гэты год яна прагназуецца на ўзроўні 19–22 %. “І мы арыентуемся на тое, што гэты паказнік павінен абавязкова вытрымацца”, – падкрэсліў ён.

Цяпер, паводле Ярашэнкі, урад супольна з Нацбанкам распрацоўвае пакет захадаў, які мае забяспечыць выкананне прагнозных паказнікаў. У гэтым пакеце ўтрымліваюцца і антыінфляцыйныя захады.

belsat.eu

Стужка навінаў