Курманбек Бакіеў атрымаў беларускі пашпарт?


Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі пакуль не каментуе інфармацыі пра надаванне былому прэзідэнту Кыргызстану Курманбеку Бакіеву беларускага грамадзянства. Пра гэта заявіў начальнік дэпартаменту грамадзянства і міграцыі МУС Аляксей Бягун. Паводле чыноўніка, звесткі пра грамадзянскую прыналежнасць чалавека лічацца звесткамі асабістага характару і не падлягаюць разгалашэнню без ягонай згоды.

Бакіеў прыбыў у Беларусь 19 красавіка 2010 г. на запрашэнне Аляксандра Лукашэнкі. У траўні кіраўнік часовага ўраду Кыргызстану Роза Атунбаева падпісала дэкрэт пра пазбаўленне Бакіева прэзідэнцкай недатыкальнасці на падставе крымінальнай справы, паводле якой ён абвінавачваецца ў арганізацыі забойстваў і злоўжыванні службовым становішчам. Генеральная пракуратура Кыргызстану двойчы звярталася ў Генеральную пракуратуру Беларусі з запытам аб выдачы Бакіева і двойчы атрымала адмову.

Паведамленне пра тое, што Бакіеў яшчэ ў жніўні 2010 г. атрымаў беларускі пашпарт і купіў дом у Менску, з’явілася ў інтэрнэце 8 лютага. Раней паведамлялася, што ён жыве ва ўрадавай рэзідэнцыі ў Бярэзінскім запаведніку.

17 кастрычніка старшыня Дзяржаўнага камітэту нацыянальнай бяспекі Кыргызстану Кенешбек Душабаеў, адказваючы на пытанні дэпутатаў парламенту, паведаміў, што Бакіеў атрымаў у Беларусі палітычны прытулак.

belsat.eu

Стужка навінаў