Сяргей Балыкін: Беларусь апынулася ў ролі жонкі алігарха


Сярэдні заробак беларуса – на дзве траціны меншы за сярэдні заробак расейца і самы нізкі ў Мытным звязе. Эканаміст Сяргей Балыкін падкрэслівае, што адна з галоўных прычынаў такога разрыву – нізкая эфектыўнасць беларускай эканомікі.

«Перадусім Расея і Казахстан маюць сыравінную эканоміку – яны здабываюць сыравіну і да таго ж у вялікай колькасці, – гаворыць Сяргей Балыкін. – Яшчэ эканоміка Расеі ды Казахстану – больш рыначная, больш рэфармаваная. Попыт на працоўную сілу вышэйшы, таму і заробкі вышэйшыя».

Паводле аналітычнага агляду Нацбанку, у снежні 2011 г. заробак працаўнікоў па краіне ў пераліку паводле сярэднеўзважанага курсу беларускага рубля склала 342 долары, скараціўшыся адносна снежня 2010 г. (527 долараў) на 186 долараў. Такую значную розніцу Сяргей Балыкін наўпрост звязвае з паслявыбарнай сітуацыяй і адносінамі з Расеяй. «Як толькі Расея перакрыла грашовы кранік, як толькі спадар Лукашэнка выпусціў незабяспечаныя грошы ў вялізарнай колькасці, каб выканаць свае перадвыбарчыя абяцанні, адбыўся дысбаланс у эканоміцы і ўсё абрынулася», – канстатуе эксперт.

«Беларусь апынулася ў становішчы жонкі алігарха: ён даў ёй крэдытную картачку, адправіў у краму, потым яна адмовілася выконваць шлюбныя абавязкі – ён картку ануляваў. У краме шмотак накупіла, а на касе кажуць: грошай няма. Ну і істэрыка», – дадаў Сяргей Балыкін.

belsat.eu

Стужка навінаў