У Лідзе можа з’явіцца ўніверсітэт


Мясцовыя ўлады гатовыя ўзяць на сябе выдаткі ў стварэнні навучальнай установы.

Старшыня Лідскага райвыканкаму Аляксандр Астроўскі вядзе перамовы з адмысловаю працоўнаю групаю з Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы. Дагэтуль былі спробы арганізаваць на базе лідскіх каледжаў факультэты, дзе навучэнцы маглі б працягнуць сваю адукацыю і атрымаць ступень бакалаўра.

Аднак адмыслоўцы прыйшлі да высновы, што такая сістэма не ўратуе Ліды ад студэнцкай міграцыі ў буйнейшыя гарады. “Наш горад вядомы высокім узроўнем сярэдне-спецыяльнай адукацыі. Але цяпер складана пабудаваць кар’еру без вышэйшай адукацыі. Часта добрыя адмыслоўцы, падрыхтаваныя ў Лідскім каледжы, паступаюць у ВНУ сталіцы ды іншых гарадоў, а пасля застаюцца там. Атрымліваецца, што наш горад губляе сродкі на рыхтаванне кадраў, якія пасля з’язджаюць, – кажа галоўная спецыялістка кіраўніцтва адукацыі райвыканкаму Наталля Дзяхцяр. – Стварэнне ўніверсітэту вырашыць гэтую праблему. Ліда месціцца бліжэй да цэнтру Беларусі, чым Горадня, таму ў нас могуць навучацца як мясцовыя жыхары, гэтак і прыезджыя”.

З дапамогаю працаўнікоў Гарадзенскага ўніверсітэту распрацоўваецца канцэпцыя новай ВНУ, падлічваюцца магчымыя выдаткі. Бліжэйшым часам праект дадаткова будуць вывучаць у Міністэрстве адукацыі. Ужо вядома, што большасць выдаткаў гатовы ўзяць на сябе райвыканкам.

Старшыня Таварыства беларускай мовы і выкладчык Алег Трусаў лічыць станоўчай ініцыятыву мясцовых уладаў. “Я лічу, што ў Менску трэба напалову скарачаць набор студэнтаў і ўзмацняць рэгіянальныя ўніверсітэты. Палова сталічных студэнтаў здымае жыллё, бо не хапае інтэрнатаў. Жыццё ў Менску – самае дарагое ў краіне. Таму лепш жыць і вучыцца бліжэй да дому. У Ліды выдатнае геаграфічнае становішча, будуць паступаць абітурыенты з Іўя, Воранава, Шчучына. Выкладчыкаў можна запрашаць і з Менску – адлегласць усяго 200 км. Так што правільна робяць лідскія ўлады – горад імгненна ажыве ў культурным сэнсе, раён здабудзе новых адмыслоўцаў”, – лічыць эксперт.

У Беларусі 55 вышэйшых навучальных установаў, з іх толькі тры месцяцца ў Гарадзенскай вобласці. Самыя маладыя ВНУ ў краіне – Палескі ўніверсітэт у Пінску (створаны ў 2006 г. на базе банкаўскага каледжу, у ім навучаецца больш за 4,5 тысячы чалавек) і Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт (паўстаў у 2004 г. на базе ліцэю №1, мае больш за 10 тыс. студэнтаў).

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары