Шэрэпка: Трэба быць экстрэмалам, каб пісаць па-беларуску


Задача Літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца – дапамагчы беларускім пісьменнікам адважыцца пісаць па-беларуску. Пра гэта 7 лютага на прэзентацыі намінантаў прэміі заявіў амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешэк Шэрэпка (Leszek Szerepka).

Паводле Шэрэпкі, беларускі рынак для пісьменніка малы, таму пры выбары мовы твору ён часта спыняецца на русейскай у разліку на аўдыторыю 160–170 мільёнаў чалавек, што дазволіць яму атрымліваць істотны прыбытак і нябедна жыць.

“Калі рынак складае ўсяго некалькі мільёнаў чалавек, прычым чытаюць з яго не ўсе, трэба быць нейкім экстрэмалам, каб пісаць па-беларуску. Асабліва калі няма актыўнага ўдзелу ў гэтым працэсе дзяржавы”, – заявіў амбасадар.

Ён адзначыў, што ў еўрапейскіх краінах таксама існуюць малалікія нацыянальнасці, аднак там дзяржава плаціць пісьменнікам, якія пішуць на мовах гэтых нацыянальнасцяў, стымулюючы цікавасць да не самых папулярных у Еўропе моваў.

“Нашая задача – каб для добрага пісьменніка не было розніцы, на якой мове пісаць. Калі мы падкінем грошай, магчыма, пісьменніку будзе лягчэй адважыцца пісаць па-беларуску”, – сказаў Шэрэпка.

У сваю чаргу кіраўнік Саюзу беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч падзякаваў польскаму боку. “Думаю, гэта было няпростае рашэнне, улічваючы нашую сітуацыю. Асабліва важна, што адзначацца будзе праца празаікаў, якія заўсёды быццам бы заставаліся ўбаку. Паэтаў жа ў нас заўсёды заўважалі”, – падкрэсліў Барыс Пятровіч.

У шорт-ліст улучылі Уладзіслава Ахроменку з творам “Тэорыя змовы”; Альгерда Бахарэвіча з “Малою медычнаю энцыклапедыяй Бахарэвіча”; Паўла Касцюкевіча з кнігаю “Зборная РБ па негалоўных відах спорту”; Артура Клінава з творам “Шалом: ваенны раман”; Аляксандра Лукашука з кнігаю “След матылька. Освальд у Менску”; Андрэя Федарэнку з творам “Мяжа”.

Прэмія складае 105 млн рублёў. Прадугледжваецца таксама магчымасць апублікаваць свае творы ў выдавецтвах за мяжою.

belsat.eu

Стужка навінаў