“Белаўтадар”: Паводле стану дарог набліжаемся да расейскай глыбінкі


“Яшчэ тры-чатыры гады таму я ганарыўся беларускімі дарогамі”, – паскардзіўся начальнік кіраўніцтва у справе ўтрымання дарожнай сеткі дэпартаменту “Белаўтадар” Міністэрства транспарту Аляксандр Галаўнёў 7 лютага на прэс-канферэнцыі ў Менску.

У Беларусі рэспубліканскія дарогі, якія не маюць статусу магістральных, перабываюць у стане, блізкім да крытычнага, заявіў Аляксандр Галаўнёў. “Калі яшчэ тры-чатыры гады таму я ганарыўся беларускімі дарогамі, то цяпер гэтага ўжо не магу сказаць. Ну, калі толькі параўноўваць з нейкімі адсталымі рэгіёнамі Расеі. Польшча ўжо пачынае сыходзіць наперад”, – канстатаваў прадстаўнік дарожнага дэпартамента.

Ён адзначыў, што толькі адзін ямкавы рамонт не развязвае праблемы аднаўлення зношаных дарожных пакрыццяў. “Калі магістральныя дарогі яшчэ ў больш-менш прыстойным стане, то трасы, якія злучаюць абласныя і раённыя цэнтры, знаходзяцца ў стане, блізкім да крытычнага. Калі на іх 20–30 гадоў не рабілі рамонту, толькі ямкавы, – самі разумееце, што гэтая дарога доўга не пражыве”, – сказаў Галаўнёў. “Недарамонты выкліканыя хранічным недафінансаваннем”, – падкрэсліў ён.

Паводле звестак “Белаўтадару”, значная частка рэспубліканскіх дарог эксплуатуецца з пратэрмінаванымі міжрамонтнымі тэрмінамі. Гэта вядзе да разбурэння дарожных пакрыццяў. Поўная патрэба ў рамонтах на рэспубліканскіх дарогах складае 6,6 тыс. км, або 43 % ад іх агульнай працягласці. На гэта патрэбна каля 4 трлн рублёў.

Сёлета на дарожныя працы, у тым ліку будаўніцтва новых шляхоў, плануецца выдаткаваць каля 3,6 трлн рублёў. У прыватнасці, вакол Менску да 2017 г. мае паўстаць новая 157-кіламетровая кальцавая аўтадарога, па якой можна будзе ехаць з хуткасцю 120 км за гадзіну.

belsat.eu

Стужка навінаў