Ліквідатараў аварыі на ЧАЭС прыраўнялі да пацярпелых


У Беларусі пачалі абменьваць пасведчанні ўдзельнікаў ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Як патлумачылі ў беларускім аддзяленні Расейска-беларускага інфармацыйнага цэнтру ў праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, абмен пасведчанняў абумоўлены ў тым ліку тым, што цяпер грамадзяне Беларусі карыстаюцца пасведчаннямі, бланкі якіх былі надрукаваныя яшчэ ў СССР. У іх утрымліваюцца шматлікія выпраўленні, якія не дазваляюць вызначыць сапраўднасці такіх дакументаў, шмат пасведчанняў з цягам часу сталі непрыдатныя.

Згодна з пастановаю Савету Міністраў № 1329, у новых дакументах вызначэнне “ўдзельнік” змененае на слова “пацярпелы”. Што гэта мяняе для ліквідатараў?

На меркаванне старшыні чарнобыльскай камісіі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандра Валчаніна, новы статус дазволіць абараняць свае сацыяльныя гарантыі. “Раней калі мы прыходзілі ў суд, нам казалі: а вы не пацярпелы, вы проста ўдзельнік. Таму вярнуць ільготы, якіх нас пазбавілі, было складана. Цяпер у нас новы юрыдычны статус. Дзяржава ўпершыню за 25 гадоў прызнала нас пацярпелымі”, – кажа эксперт.

Аднак, на ягонае меркаванне, беларускія ліквідатары сёння маюць значна меншае падтрыманне ад дзяржавы, чым ліквідатары з суседніх краінаў. “У Расеі ўдзельнікі ліквідацыі маюць бясплатныя лекі ды штогоду бясплатна адпачываюць у санаторыях. Ва Украіне, Расеі, Арменіі ды Азербайджане ліквідатары сыходзяць на пенсію на 10 гадоў раней, – гаворыць Аляксандр Валчанін. – Беларускія ліквідатары просяць значна менш: бясплатнае лячэнне ў санаторыі раз на тры гады і выхад на пенсію на пяць гадоў раней – не ў 60 гадоў, а ў 55. Аднак пакуль мы не адчуваем падтрымання ў гэтым ад дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, ад Чарнобыльскай камісіі. Яны не хочуць ісці з намі на дыялог. Магчыма, пасля надання ліквідатарам новага статусу сітуацыя зменіцца”.

У выніку скасавання льготаў ліквідатары наступстваў аварыі на ЧАЭС на сёння маюць толькі адзіны прывілей – паступаць ва ўніверсітэт па-за конкурсам. “Але ліквідатарам сёння 40–50 гадоў, куды ж яны будуць паступаць? Таму гэтая льгота фармальная”, – падкрэслівае Аляксандр Валчанін.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары