Музычны адказ Лукашэнку


Грамадзянская кампанія “ВыбіRight” рыхтуе музычны дыск “За права на выбар”. Як паведаміў “Белсату” культуролаг і натхняльнік праекту Вацлаў Арэшка, складанка стане своеасаблівым музычным адказам поп-музыкам, што ўдзельнічаюць у праўладных канцэртах “Беларусь – гэта мы”.

Арганізатары праекту не ставілі ўмоваў, каб песні былі абавязкова палітычныя. “Галоўны пасыл твораў – нас не мусяць пазбавіць магчымасці выбіраць”, – тлумачыць спадар Арэшка.

Паводле музычнага прадзюсара Віталя Супрановіча, які дапамагае рыхтаваць складанку, музыкі ахвотна адгукнуліся на заклік арганізатараў. Ужо адабралі больш за палову твораў з планаванай колькасці.

На наступным тыдні выдаўцы спадзяюцца пачаць тэхнічную працу над дыскам. На ім змесцяць 15–17 песень, як ужо добра вядомых, так і новых. Хто з выканаўцаў увойдзе ў складанку, прадстаўнікі кампаніі паведаміць адмаўляюцца. Маўляў, да прэзентацыі мае захавацца інтрыга. Вацлаў Арэшка толькі распавёў, што над афармленнем дыску працуе вядомы мастак і паэт Міхал Анемпадыстаў.

Дыск з песнямі беларускіх выканаўцаў “За права на выбар” мае выйсці ў свет да прэзідэнцкіх выбараў.

belsat.eu

Стужка навінаў