Аляксандр Класкоўскі: БТ – як таўро на лобе


Дэманстрацыя “дакументальнага” фільму пра Беларускую асацыяцыю журналістаў на дзяржаўным тэлеканале можа быць сігналам да знішчэння арганізацыі, мяркуе палітолаг Аляксандр Класкоўскі. “Гэта ніякае не журналісцкае расследаванне – там нават і не пахне журналістыкаю. У прафесійным плане гэта ніжэй за плінтус – гэта элементарнае “мачылава” ў стылі чорнага PR”, – дадаў палітолаг.

У фільме “Баш на БАЖ”, што быў паказаны ўвечары 5 лютага на тэлеканале “Беларусь-1”, кіраўніцтва Беларускай асацыяцыі журналістаў абвінавацілі ў атрыманні грантаў ад амбасады Вялікай Брытаніі ў Беларусі. Пры гэтым сцвярджалася, што гэтыя сродкі не былі зарэгістраваныя ў Дэпартаменце гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справаў прэзідэнта. У фільме фігуравалі раздрукоўкі сродкаў, нібыта атрыманых БАЖ, – без пячатак і подпісаў, а таксама ананімны ліст нібыта ад былога сябра БАЖ, які абвінавачваў асацыяцыю ў нямэтавым расходаванні сродкаў.

“Ананімнасць у гэтым фільме, сюжэце шырока выкарыстоўваецца, – зазначае Аляксандр Класкоўскі. – Нельга абапірацца на гэтыя сумнеўныя крыніцы, на нейкія сумнеўныя нібыта дакументы. Тут і не начавала ніякая прафесійная этыка”.

“Сёння, на жаль, Беларускае тэлебачанне – гэта як пячатка, як таўро на лобе, і людзі, што пайшлі туды, ужо не могуць не запэцкацца ў брудзе. Таму і ўзнікае такая сітуацыя, калі “імідж – нішто”. Хоць, з майго гледзішча, такая пазіцыя вельмі недальнабачная. Рэжымы мяняюцца, а запляміўшы імя – ужо ніколі яго не адмыеш”, – дадаў палітолаг.

belsat.eu

Стужка навінаў