Жанна Літвіна: ёсць усе падставы звяртацца з позваю супраць БТ


Учора, 5 лютага, у эфіры тэлеканалу «Беларусь-1» праграма «В центре внимания» прысвяціла Беларускай асацыяцыі журналістаў адмысловы фільм.

У відэа БАЖ абвінавачвалі ва ўтойванні прыбыткаў і атрыманні грантаў ад амбасады Вялікай Брытаніі, пра што арганізацыя не паведаміла падаткавікам. Паводле падобных абвінавачанняў у турму трапіў і праваабаронца Алесь Бяляцкі.

Аднак у адрозненне ад справы кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна», падставаю для адкрыцця якой паслужылі звесткі, выдадзеныя Літвой і Польшчаю, відавочна, што супраць БАЖ спецслужбы нічога сур’ёзнага не маюць.

У фільме паказаныя сумнеўнага паходжання дакументы і ананімны ліст нібыта ад былога сябра БАЖ, які вінаваціць арганізацыю ў няправільным распараджэнні сродкамі.

Паводле старшыні асацыяцыі Жанны Літвіной, гэта сведчыць пра тое, што праграма была зробленая на замову.

«Не думаю, што гэтая замова ішла нават ад кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі, я думаю, што тут трэба глядзець шырэй і ўспрымаць усю гэтую сітуацыю ў адным ланцужку з тым, у якіх умовах апынулася незалежная журналістыка і незалежныя выданні. Я разглядаю гэта ў адным ланцужку са справаю супраць Андрэя Пачобута, пагрозамі закрыцця «Народнай Волі» і «Нашай Нівы», абсалютна рэкорднаю колькасцю затрыманых журналістаў падчас правядзення «маўклівых» акцыяў – каля 100 журналістаў», – зазначыла Жанна Літвіна.

Старшыня БАЖ падкрэсліла, што арганізацыя разглядае магчымасць юрыдычнай рэакцыі на твор БТ.

«Ёсць усе падставы звяртацца з позваю, дзе і гонар, і годнасць арганізацыі мусяць разглядацца ў судовых інстанцыях», – заявіла Жанна Літвіна.

Праглядзеўшы стужку дзяржаўнага тэлебачання, журналісты «Белсат» запыталі ў менчукоў, наколькі яны давяраюць афіцыйным медыям.

«Ну не, не заўсёды, карацей кажучы. Калі аднабока асвятляецца, то заўсёды не давяраеш. Можа быць, толькі пра надвор’е давяраю, дый і тое – праз раз», – усміхаецца малады чалавек.

«Я думаю, што ўсё гэта пад кантролем дзяржавы: што яны скажуць, тое і будзе там напісана», – падтрымлівае папярэдняга рэспандэнта студэнт.

«Не веру, бо ўсё разыходзіцца – тое, што ёсць, і тое, што мы бачым…» – шматзначна замаўчала пажылая жанчына.

«Не, заўсёды ўсё праз сваю прызму. Бо гэта ўсё кіраванне народам, у любым выпадку. Шкада, што не ўсе гэта разумеюць», – кажа чарговы апытаны.

«Звычайна няпраўду там кажуць. Па чалавеку адразу бачна, калі ён няпраўду кажа. Я, як гэта бачу, адразу пераключаю канал», – кажа дзяўчына.

Беларуская асацыяцыя журналістаў існуе з 1995 г., у яе шэрагах больш за 1000 беларускіх журналістаў. Арганізацыя ўваходзіць у Міжнародную федэрацыю журналістаў (IFJ). У 2003 г. Сусветная асацыяцыя газетаў (WAN) узнагародзіла БАЖ «Залатым пяром свабоды» (Golden Pen of Freedom prize). У снежні 2004 г. Еўрапейскі парламент уганараваў арганізацыю прэміяй імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі».

belsat.eu

Стужка навінаў