У Беларусі даражэе інтэрнэт


Услед за «Белтэлекамам» кошты на сваё паслугі ўздымаюць іншыя правайдары

У снежні 2011 г. намеснік дырэктара РУП «Белтэлекам» Андрэй Сабораў паабяцаў, што ў 2012 г. доступ у інтэрнэт даражэць не будзе. Пасля ягонага звальнення кошты выраслі ў сярэднім на 10 %. РУП «Белтэлекам» (гандлёвая марка «Byfly») – найбуйнейшы пастаўнік паслугаў шырокапалоснага інтэрнэт-доступу ў краіне. Колькасць яго абанентаў – больш за 1,1 млн чалавек. Менавіта ад рашэння гэтай кампаніі залежыць сітуацыя на рынку.

«Цэны ў прыватных пастаўнікоў адназначна будуць расці, бо яны фактычна не павышаліся з часоў леташняй дэвальвацыі, – кажа стваральнік беларускай сістэмы пошуку «Акавіта» Фёдар Караленка. – «Белтэлекам» патрабуе за трафік агромністыя грошы. Доўгі час існавала такая сітуацыя, што гэтае прадпрыемства прадавала інтэрнэт оптам даражэй, чымся ў розніцу. То бок правайдары плацілі больш за кліентаў – фізічных асобаў. Пры гэтым нельга казаць, што «Белтэлекам» працуе сабе ў страту, проста яны займаюць вельмі вялікую долю рынку. У Маскве пры нашмат большых заробках інтэрнэт таннейшы, а яго хуткасць большая. Гэтак склалася за кошт канкурэнцыі, бо на рынку доступу да Сеціва можна атрымаць вялікі прыбытак».

У свеце лічыцца, што адзін абанент мае прыносіць у сярэднім $ 10 на месяц. Пасля таго як долар пачаў каштаваць не 3000 руб., а 8500, страты прыватных правайдараў павялічыліся ў некалькі разоў. «Усё абсталяванне, якое мы купляем, – замежнае, разлікі ў валюце. Таму леташні крызіс моцна па нас ударыў, – каментуюць у прэсавай службе кампаніі «Атлант Тэлеком». – Пры гэтым уздымаць кошты мы не маглі – «Белтэлекам» іх стрымліваў, а гэта манапаліст на рынку сувязі. Цяпер «Белтэлекам» абвесціў пра павышэнне коштаў, мы таксама ўздымаем цэны – у сярэднім на 20–25 %».

Новыя тарыфы за карыстанне інтэрнэтам у «Атлант Тэлекоме» пачнуць выкарыстоўваць з 13 лютага. Для фізічных асобаў інтэрнэт падаражэе на 10–20 тыс. рублёў. Каб утрымаць сталых кліентаў, паралельна ўдвая павялічыцца хуткасць доступу пры дасягненні пэўных значэнняў спажывання трафіку.

belsat.eu

Стужка навінаў