Ці дапамогуць прашэнні аб памілаванні?


Палітолаг Валер Карбалевіч зазначае, што дзяржаўныя медыі не акцэнтуюць увагі на тым, што палітвязні падпісалі прашэнні аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Тым не менш, на думку эксперта, «прапагандысцкая машына можа паспрабаваць неяк выкарыстаць гэтую сітуацыю».

Прашэнні аб памілаванні напісалі экс-кандыдат на прэзідэнта Андрэй Саннікаў і ягоная давераная асоба на выбарах Дзмітрый Бандарэнка. Апошняму раней адмовілі ва ўмоўна датэрміновым вызваленні, нягледзячы на цяжкі стан здароўя, аднак пасля напісання прашэння зноў дазволілі карыстацца мыліцамі – палітвязень перанёс аперацыю на хрыбетніку і не прайшоў паўнавартаснага курсу рэабілітацыі.

Як сцвярджае жонка Андрэя Саннікава, палітык напісаў прашэнне аб памілаванні ў выніку катаванняў. Спасылаючыся на словы Саннікава, Ірына Халіп паведаміла, што прашэнне было падпісанае яшчэ 20 лістапада. Аднак у Міністэрстве ўнутраных справаў сцвярджаюць, што гэта адбылося 23 снежня, а 23 студзеня дакумент нібыта паступіў у Адміністрацыю прэзідэнта.

«Я думаю, што тыя палітвязні, якія напісалі прашэнні аб памілаванні, маюць добрыя шанцы выйсці на свабоду, – гаворыць Валер Карбалевіч. – Праз пэўны час яны могуць апынуцца на свабодзе: усё ж такі Лукашэнка асабіста абяцаў гэта зрабіць. Нейкі час пройдзе, бо ўлады яшчэ хочуць панаціскаць на іх, але я думаю, што яны хутка выйдуць».

Аляксандр Лукашэнка падчас прэс-канферэнцыі 23 снежня, адказваючы на пытанні недзяржаўных медыяў, чаму ён не падпісвае ўказу аб памілаванні экс-кандыдатаў на прэзідэнцтва Андрэя Саннікава, Мікалая Статкевіча і даверанай асобы Саннікава Дзмітрыя Бандарэнкі, заявіў, што яны будуць сядзець у турме, пакуль не звернуцца да яго з просьбай аб памілаванні. «Абсалютна дакладна вам адказваю: памілую чалавека і магу памілаваць таго, які да мяне звярнуўся па памілаванне. Не звернуцца – будуць сядзець у турме… Я магу памілаваць, магу і не памілаваць. Хоць і тут ёсць пэўныя фактары, як тыя, што стрымліваюць, так і тыя, што падштурхоўваюць мяне да гэтага. Маё права канстытуцыйнае», – падкрэсліў Лукашэнка.

belsat.eu

Стужка навінаў