Некранутыя куткі Беларусі возьмуць пад ахову


У Беларусі падрыхтавалі спіс рэдкіх біятопаў – мясцінаў, дзе існуюць унікальныя супольнасці раслінаў і жывёлы. Падобны пералік існуе ў краінах Еўразвязу і ва Украіне, ён дапамагае ахоўваць не толькі прадстаўнікоў флоры і фаўны, якія выміраюць, але і іх асяроддзе.

“Захоўваць жывёлу, не зберагаючы ейнае асяроддзе, немагчыма. Больш як 60 % ахоўваных відаў раслінаў і жывёлы сустракаецца толькі ў рэдкіх біятопах, якім пагражае знікненне”, – гаворыць адзін з распрацоўнікаў спісу Міхаіл Максіменкаў.

Пасля зацверджання спісу ў парламенце з’явіцца афіцыйны дакумент, згодна з якім рэдкія раслінныя супольнасці атрымаюць прававы статус і будуць абараняцца заканадаўствам. Чакаецца, што ў лютым яго разгледзяць у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Праца над праектам распачалася дзякуючы фінансаванню ПРААН і Глабальнага эканамічнага фонду (ГЭФ).

На тэрыторыі Беларусі вылучылі 43 катэгорыі біятопаў, якім пагражае знікненне і якія адпавядаюць Дырэктыве ЕЗ аб асяроддзі.

“Праект не завершаны. Напрыклад, такія тэрыторыі нацыянальнай значнасці, як супольнасці на ярах, крутых схілах, яловыя лясы, што сфармаваліся за мяжою суцэльнага распаўсюду елкі, яшчэ не ўвайшлі ў пералік”, – заўважыў кандыдат біялагічных навук Максім Ярмохін.

Сярод некранутых куткоў Беларусі, даследаваных навукоўцамі падчас рэалізацыі праекту ПРААН/ГЭФ, лідаруюць Івацэвіцкі і Расонскі раёны. У першым рэдкія біятопы займаюць каля 19 тыс. га, ці 6,3 %, а ў другім – каля 17 тыс. га, ці 8,6 %.

“Для кожнага з апісаных біятопаў падрыхтуюць ахоўныя забавязальніцтвы. Мясцовыя ўлады будуць вымушаныя іх улічваць пры вядзенні сельскай або лясной гаспадаркі, – растлумачыў Міхаіл Максіменкаў. – Але, як бачым, размова не ідзе пра вялізныя лічбы, якія б маглі сур’ёзна паўплываць на гаспадарку раёнаў”.

У хуткім часе спіс рэдкіх біятопаў нацыянальнага і міжнароднага значэння, якім пагражае знішчэнне, будзе абнародаваны, але праца над ім працягнецца. Да 2014 года плануецца даследаваць і апісаць 36 % тэрыторыі Беларусі.

belsat.eu

Стужка навінаў