"Полацкі пасад": рэстаран з відам на манастыр


Полацкія ўлады прапаноўваюць інвестарам пляцоўку для будаўніцтва гісторыка-турыстычнага цэнтру “Полацкі пасад”. Ідэя з’явілася больш за пяць гадоў таму, але спонсар тады не знайшлі. Цяпер інвестара шукаюць ізноў.

“Вядзецца мэтанакіраваная праца, каб прыцягнуць інвестыцыі ў развіццё інфраструктуры гораду, – кажа намесніца старшыні Полацкага гарвыканкаму Варвара Платонава. – Ідуць перамовы, інфармацыя разасланая ў амбасады замежных краінаў”. Паводле яе, у “Полацкі пасад” маюць увайсці майстэрні рамёстваў, гандлёвыя шэрагі, гатэлі ды рэстаран на вадзе. Комплекс размесціцца каля Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра.

“Полацку вельмі не хапае гатэляў, і калі з’явіўся б такі цэнтр, было б добра. У горад прыязджаюць турысты. Перадусім гэта дзеці, але апошнімі гадамі зацікавіліся турысты з Расеі, – расказвае старшыня Беларускай асацыяцыі экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Мікалай Чырскі. – Калі там будуць прадавацца беларускія сувеніры, гэта выдатна. Нават калі гэта будзе толькі стылізавана пад старажытнасць”.

Але наконт таго, што ўлады знойдуць інвестара, ён моцна сумняецца. “Я сам калісьці шукаў людзей, якія б хацелі ўкласці грошы ў будаўніцтва турыстычна-гістарычнага цэнтру ў Карпілаўцы пад Радашковічамі, дзе была хата беларускага пісьменніка Ядвігіна Ш., – узгадвае Мікалай Чырскі. – Усяго 35 кіламетраў ад Менску – выдатныя ўмовы. Але любы інвестар спачатку задумваецца, ці ўдасца яму акупіць грошы. Я не ўпэўнены, што ахвотны знойдзецца і ў гэтай сітуацыі”.

belsat.eu

Стужка навінаў