Жонка Бандарэнкі: Ён пытаўся, як я пастаўлюся да прашэння


https://youtu.be/_RW9HkvorVg
Зміцер Бандарэнка, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», давераная асоба кандыдата на прэзідэнцтва на выбарах 2010 г. Андрэя Саннікава, напісаў прашэнне аб памілаванні.

Гэта адбылося 1 лютага. Раней яму адмовілі ва ўмоўна-датэрміновым вызваленні, нягледзячы на цяжкі стан здароўя.

У канцы студзеня стала вядома, што палітыку зрабілі больш жорсткімі ўмовы ўтрымання ў папраўчай калоніі Магілёва № 15. Пра гэта Бандарэнка паведаміў жонцы Вользе ў тэлефоннай размове 29 студзеня.

У прыватнасці, з 30 студзеня яму забаронена карыстацца мыліцамі, на якія ён абапіраўся пры хадзе. “Яму не дазволены зручны мяккі абутак, які я яму перадавала, – распавяла жонка палітыка. – Зараз ён павінен будзе нахіляцца для таго, каб абуваць жорсткія турэмныя чаравікі. Забаронена днём ляжаць: ён мусіць выходзіць на паверку на пляц, хадзіць у шыхце. Яму прадпісалі лёгкія віды працы”.

Паводле Вольгі Бандарэнкі, яна “не можа ўявіць”, як ейны муж будзе хадзіць у шыхце, “бо нават сходамі ён спускаўся з асцярогаю”. “Як ён будзе на марозе стаяць? Для хрыбетніка і сугломаў холад – забойца. Не магу ўявіць, якія працы ён можа выконваць, бо ён не можа рэзка паварочвацца, яму нельга падымаць цяжкасці, седзячы працаваць ён таксама не можа. Нават падчас нашага спаткання ён некалькі разоў падымаўся – яму цяжка сядзець. Чаму яго перавялі на такі рэжым? У яго не было ніводнага спагнання», – сказала жонка зняволенага.

Са словаў Вольгі, муж цікавіўся ў яе, як бы яна паставілася да таго, што ён напіша прашэнне аб памілаванні.

Змітра Бандарэнку асудзілі на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Адразу пасля арышту ў снежні 2010 года ў Бандарэнкі абвастрыліся хранічныя хваробы, у ліпені яму зрабілі аперацыю на хрыбетніку ў 5-й клінічнай больніцы Менску.

24 студзеня стала вядома, што экс-кандыдат на прэзідэнцтва Андрэй Саннікаў падпісаў прашэнне аб памілаванні. Паводле ягонай жонкі Ірыны Халіп, ён вымушаны быў гэта зрабіць пад уздзеяннем катаванняў. Спасылаючыся на словы Саннікава, Халіп паведаміла, што прашэнне было падпісанае яшчэ 20 лістапада. Аднак у МУСе сцвярджаюць, што гэта адбылося 23 снежня, а 23 студзеня дакумент нібыта трапіў у Адміністрацыю прэзідэнта.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары