«Партызан» застаўся без грошай: «Дзе вы знойдзеце ідыётаў за мяжою?!»


Літоўскі прадпрымальнік Уладзімір Раманаў, які быў асноўным спонсарам менскага футбольнага клубу «Партызан», адмовіўся ўдзельнічаць у фінансаванні каманды. Катэгарычным выказваннем пра клуб і яго кіраўніка вызначыўся блізкі да ўладаў Беларусі бізнесовец і ўладальнік менскага «Дынама» Юрый Чыж.

Пра гэта ён заявіў агенцтву «Р-спорт». Менавіта праз фінансавыя праблемы «Партызан» не зможа выступаць у найвышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі, хоць летась атрымаў на гэта права; клуб спазніўся падаць дакументы на ліцэнзаванне. Такім чынам, у лізе выступяць адзінаццаць камандаў замест дванаццаці. Такое рашэнне пераважнаю большасцю галасоў прыняў 3 лютага выканаўчы камітэт Беларускай федэрацыі футболу.

На паседжанні разгарэлася дыскусія. Генеральны дырэктар клубу Людас Румбуціс папрасіў даць дадаткова два тыдні на канчатковы адказ, аднак першы намеснік старшыні БФФ Сяргей Сафар’ян заявіў, што трэба выконваць рэгламент.

Рэзка супраць адтэрмінавання выступіў уладальнік групы кампаніяў «Трайпл» і менскага «Дынама» Юрый Чыж: «Хто вам дасць грошай?! Дзе вы знойдзеце ідыётаў, якія будуць фінансаваць літоўца ў Беларусі?» Відавочна, ён меў на ўвазе дырэктара клубу, вядомага ў мінулым беларускага футбаліста Людаса Румбуціса.

«Знялі, вядома, праз адсутнасць грошай, – сказаў Раманаў. – Я не збіраюся больш фінансаваць клуб. Я ўклаў у яго 20 млн літаў (5,7 млн долараў). Досыць. Тут пытанне да мэра [Менску Мікалая Ладуцькі], які мае 25 % з клубу. Ён дагэтуль не даў мне праекту адносна футбольнага клубу, за які таксама былі аддадзены грошы (14 млн літаў – 4 млн еўраў). Там ёсць самакіраванне, няхай паспрабуюць без мяне», – сказаў Раманаў.

Генеральны дырэктар клубу Людас Румбуціс заявіў, што «Партызан» сам адмовіўся выступаць у найвышэйшым дывізіёне. «Мы не падаем у федэрацыю дакументаў на ліцэнзаванне. Прычына банальная: у нас няма крыніцы фінансавання. Нягледзячы на ўсе старанні, адшукаць патэнцыйнага пакупніка клубу або надзейнага спонсара не ўдалося. Была надзея на расейскі канцэрн «Газпром», але яна лопнула. Спрабаваў дапамагчы нам Менгарвыканкам – таксама не атрымалася», – сказаў Румбуціс, словы якога падае сайт УЕФА.

belsat.eu

Стужка навінаў