Павал Усаў у «Гарачым каментары»


Марозныя дні… Але ў палітычным жыцці нашай краіны – горача. Заява “Офісу за дэмакратычную Беларусь” наконт скарачэння чорнага спісу выклікала ў грамадстве вострую дыскусію. Рэакцыі з’яўляюцца адна за адною, а Вольга Стужынская, што агучыла прапанову офісу, фактычна стала антыгераіняй тыдня.

Брусельскі “Офіс за дэмакратычную Беларусь” прапанаваў выключыць з чорнага спісу рэктараў універсітэтаў, некаторых журналістаў і тых прадстаўнікоў уладаў, якія ўжо пазбавіліся сваіх пасадаў. Сваю пазіцыю арганізацыя патлумачыла тым, што перагляд спісу беларускіх чыноўнікаў, неўязных у краіны ЕЗ, дасць дакладны сігнал, што Еўразвяз не спрабуе ізаляваць Беларусь.

Пасля апублікавання заявы цэлы шэраг беларускіх прадстаўніцтваў за мяжою паспяшаўся ад яе адмежавацца. У супольным звароце яны заклікалі пашырыць санкцыі. Што да пазіцыі Еўразвязу, то Брусель па-ранейшаму збіраецца далучыць да чорнага спісу новыя прозвішчы.

Паводле палітолага Паўла Усава, адмоўная рэакцыя на прапанову Стужынскай тлумачыцца перадусім тым, што прапанова была зробленая нібыта ад імя ўсяго грамадства.

“Да таго ж гэта зроблена было неяк не публічна. Бо вядома – цяпер тыя, хто настроены дэмакратычна, яны супраць адмены санкцыяў. Нельга распачынаць дыялогу з рэжымам – не толькі пакуль ёсць палітвязні, але і пакуль ёсць імавернасць з’яўлення палітвязняў новых. Ніякіх размоваў з рэжымам – незалежна ад таго, эфектыўныя санкцыі, ці не, быць не мусіць”, – падкрэслівае спадар Усаў.

“Офіс за дэмакратычную Беларусь” і сама Вольга Стужынская ёсць тымі, да каго прыслухоўваецца Еўракамісія і Еўрапарламент у справах Беларусі.

“Таму такія словы мусяць быць вельмі ўзважаныя і прамаўляцца вельмі асцярожна. Аднак гэта ж не толькі ейнае меркаванне – і ў Беларусі, сярод дэмакратычнай супольнасці, ёсць асобы, які выступаюць за скасаванне санкцыяў, тлумачачы гэта тым, што тыя неэфектыўныя. Але яшчэ падкрэслю: і дыялог неэфектыўны, пакуль ёсць палітвязні”, – зазначыў Павал Усаў.

belsat.eu

Стужка навінаў