Левінаў: Пяць дзён адседзеў ні за што – і гэта, на думку суддзі, правільна


https://youtu.be/OXCiJgqeNmc
3 лютага Менскі гарадскі суд разгледзеў касацыйную скаргу падпалкоўніка міліцыі ў запасе Мікалая Казлова.

У суд з Казловым прыйшлі сведкі, якія ўвечары 19 снежня 2011 г. ехалі разам з ім у “аўтазаку” і былі дастаўленыя ў Кастрычніцкае РУУС Менску. Іх з дапамогаю актывістаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі знайшоў сам афіцэр, і пісьмовыя паказанні сведак былі далучаныя да справы.

Аднак суддзя не прыняў да ўвагі сведчанняў ды пакінуў без зменаў пастанову суда Маскоўскага раёну Менску ў дачыненні Мікалая Казлова.

19 снежня падпалкоўніка ў запасе затрымалі людзі ў цывільным на пешаходным пераходзе каля Кастрычніцкай плошчы ў Менску, а пазней у міліцэйскім рапарце напісалі, што Казлоў быў затрыманы каля Чырвонага касцёлу (у той вечар каля храму менчукі запальвалі свечкі на знак салідарнасці з палітвязнямі, арыштаванымі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 г.). Казлову далі пяць дзён арышту, стандартна абвінаваціўшы ў тым, што ён нібыта лаяўся і парушаў грамадскі парадак.

“Вынікі разгляду скаргі – чаканыя большасцю тых, хто сачыў за развіццём справы, – падзяліўся Казлоў. – Хоць я, шчыра кажучы, разлічваў, што знойдзецца суддзя, які, убачыўшы гэтыя аб’ектыўныя звесткі, папросту скасуе папярэдняе судовае рашэнне. Мне здавалася, што ўсё відавочна. Але ўсе довады былі адхіленыя без усялякіх падставаў”.

Рашэнне гарадскога суда Казлоў мае намер абскарджваць у вышэйшай інстанцыі.

“Суда ж не было, – заўважае праваабаронца Павел Левінаў. – Будынак – вось ён, стаіць, а правасуддзя няма. Прычым не толькі тут – ні ў водным з судовых будынкаў Беларусі правасуддзя няма. Зірніце: падалі ўсе доказы таго, што Мікалай не быў каля Чырвонага касцёлу, паказанні невядомых яму асобаў пра тое, што затрымлівалі яго ў іншым месцы. Ёсць раздрукоўка тэлефонных злучэнняў ад кампаніі сотавай сувязі, з якой відаць, дзе Мікалай быў са сваім тэлефонам, што ён і не набліжаўся да Чырвонага касцёлу. Але адсутнасць правасуддзя ў краіне прыводзіць да такіх вось пастановаў: усё пакінуць дзейным. Пяць дзён адседзеў ні за што – і гэта ўсё правільна і справядліва, на думку суддзі з маленькай літары”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары