Апытанне: Каму прэмію?


https://youtu.be/iyqgECM-o0k
Беларускі ПЭН-цэнтр вылучыў на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры паэта Уладзіміра Някляева. У сваю чаргу афіцыйны Саюз пісьменнікаў Беларусі трэці раз вылучыў пісьменніка Георгія Марчука. “Белсат” запытаўся ў менчукоў: хто з літаратараў больш заслугоўвае высокай узнагароды?

“Асабіста я ад усёй душы шчыра жадаю, каб Някляеў атрымаў гэтую ўзнагароду – ён заслужыў. Не толькі сваёю творчасцю, а таксама ўсімі сваімі апошнімі дзеяннямі. Я лічу, гэта вельмі годны чалавек”, – кажа мужчына.

“Я вельмі добра ведаю іхныя творы, выдатныя творы пра Беларусь сучасную і Беларусь у мінуўшчыне. Вельмі годныя абодва кандыдаты. Калі ж выбіраць з іх, то Някляеў – кандыдат быў, і яго ведаюць. Трэба, каб ён перамог: гэта будзе падтрыманнем для нашай Беларусі”, – кажа пажылы чалавек.

“Някляеў больш падыходзіць. Хоць твораў я ягоных не чытаў, але цікавіўся палітычнаю дзейнасцю. Скажам так – мне чалавек імпануе”, – прызнаўся малады чалавек.

“Ну, пра Някляева я і раней чула, а пра Марчука нічога не чула. А вось Някляеў годны, так. Я лічу, што мы вельмі слаба прапагандуем нашую беларускую літаратуру”, – упэўненая спадарыня сталага веку.

“Ой, канечне, чула пра іх! Праўда, не ведала, што яны высоўваюцца на Нобелеўскую прэмію. А Някляеў жа песню напісаў! Яе ж спяваюць Ціхановіч з Ядвігаю Паплаўскаю. Песня, вядома, вельмі добрая. І вершы, безумоўна, цудоўныя. Я лічу, што час даць нам гэтую прэмію – калі ўжо Азаранка выйграла “Australian Open”, то нам трэба прынамсі Нобелеўскую ўзяць!” – поўная аптымізму чарговая апытаная.

“Вартыя яны – асабліва Някляеў. Ну, Марчука я не так ведаю. А творы ягоныя (Някляева) чытала – нядаўна ж ягоная кніга выйшла ў “Кнігазборы”. І тое, як ён паводзіў сябе і пасля выбараў, і ў час выбараў, і цяпер таксама, таму ён годны”, – мяркуе пенсіянерка.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары