Расейская апазіцыя плануе масавыя пратэсты на суботу 4 лютага


https://youtu.be/gPZaqc9cJgE
Арганізатары прэзентуюць самыя розныя палітычныя рухі ды партыі – аднак, збіраючыся разам, намагаюцца не высоўваць палітычных патрабаванняў, ставячы першаснаю мэтаю змену ўлады.

Дэманстрацыю плануюць асобы, погляды якіх дыяметральна адрозніваюцца. Былы шахматны чэмпіён і апазіцыйны лідар Гары Каспараў, экалагічная актывістка Яўгенія Чыркова, блогер Аляксей Навальны з нацыяналістычнымі поглядамі ды камуніст Сяргей Удальцоў.

Толькі адзін з арганізатараў, Барыс Нямцоў, мае палітычны досвед, большасць жа, як, напрыклад, пісьменнік Барыс Акунін, ніколі нават не былі чальцамі палітычных партыяў. Як вынік, сярод іх няма афіцыйнага лідара, хоць большасць іхных прыхільнікаў бачыць у гэтай ролі Аляксея Навальнага.

Ранейшыя пратэсты 10 і 24 снежня ў Маскве сабралі дзясяткі тысяч удзельнікаў, якія выступалі супраць фальсіфікацыяў падчас выбараў у Дзяржаўную думу, якія з мінімальнаю перавагаю выйграла “Единая Россия”.

Барыс Нямцоў заяўляе, што пратэсты будуць працягвацца: “Калі яны не чуюць, трэба ж неяк дамагацца таго, каб нас пачулі. Дзеяць, канечне, будзем мірна і паводле Канстытуцыі”, – падкрэслівае палітык.

Суботняя дэманстрацыя выпрабуе магчымасць апазіцыі сабраць людзей нягледзячы на моцны мароз. Вядомы пісьменнік Барыс Акунін упэўнены, што пратэставы рух будзе толькі расці.

“Пратэставы рух толькі расце і будзе распаўсюджвацца на ўсю краіну – гэта абсалютна відавочна. Што датычыць колькасці людзей, што выйдуць 4 лютага, то я для сябе вывеў такую формулу: калі будзе мінус 15, то кожнага трэба лічыць за дваіх, а калі будзе мінус 20 – то за чатырох”, – поўны аптымізму пісьменнік.

Большасць палітолагаў скептычна ставіцца да шанцаў апазіцыі змяніць сітуацыю. На іхнае меркаванне, чарговы тэрмін Пуціна практычна няўхільны.

“Гэтыя пратэстоўцы не ёсць палітычнаю сілаю, яны самі кажуць: “Мы не палітыкі, мы не хочам быць палітычнаю партыяй”. Гэты натоўп вельмі ясна дае зразумець, што яму больш даспадобы тэлевізійныя зоркі ды пісьменнікі, чымся палітыкі. Гэта робіць іх слабымі – што, натуральна, змяншае іхную палітычную сілу. Гэта не плошча Тахрыр, гэты натоўп не скіне Пуціна”, – упэўненая Марыя Ліпман, аналітык маскоўскага Цэнтру Карнэгі.

Арганізатары чарговы раз высунуць патрабаванні, якія былі праігнараваныя ўладамі: новыя парламенцкія выбары, вызваленне палітвязняў, рэформа палітычнай сістэмы, адстаўка старшыні ЦВК і рэгістрацыя большай колькасці палітычных партыяў.

Прыхільнікі Пуціна таксама плануюць мітынг у той жа дзень – у іншай частцы гораду.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары