Беларускія праваабаронцы: за лета сітуацыя не палепшылася


Праваабарончы цэнтр “Вясна” апублікаваў агляд-хроніку парушэнняў правоў чалавека за ліпень–жнівень 2010 г. У дакуменце зазначаецца, што агульная сітуацыя ў галіне правоў чалавека засталася практычна нязменнаю. Зафіксаваныя выпадкі абмежавання свабоды слова, адміністрацыйны і крымінальны пераслед апанентаў улады, гвалтоўныя разгоны мірных акцыяў.



Праваабаронцы адзначаюць, што грамадска-палітычнае жыццё ў апошнія летнія месяцы было адносна спакойным і не вызначалася значнымі падзеямі, але праходзіла на фоне абвастрэння афіцыйных адносінаў паміж Беларуссю і Расеяй, нафтавай ды інфармацыйнай войнаў.



У сферы свабоды слова праваабаронцы адзначаюць найбольшую колькасць сур’ёзных парушэнняў. Гэта крымінальны пераслед уладальнікаў незалежнага інфармацыйнага сайту vialejka.org і канфіскацыя накладу крычаўскай газеты “Вольны горад”, дзе быў змешчаны артыкул “НТВ знішчыла рэпутацыю прэзідэнта Лукашэнкі” з каментаром Паўла Шарамета. У ліпені цягам аднаго тыдня незалежная газета “Наша Ніва” атрымала адразу два папярэджанні ад Міністэрства інфармацыі, а ў Горадні аштрафавалі намесніка старшыні “Маладога фронту” Алеся Кіркевіча за распаўсюд друкаванай прадукцыі ў межах акцыі “Горад наш”.



Занепакоенасць праваабаронцаў выклікаюць таксама факты крымінальнага пераследу паводле палітычных матываў: у прыватнасці гэта крымінальныя справы ў дачыненні грамадскага актывіста Міхася Башуры і дэмакратычнага актывіста ды журналіста Сяргея Панамарова.



У дакуменце пералічваюцца факты парушэння права на свабоду асацыяцыяў, свабоду сумлення, катаванні ды іншыя формы жорсткага абыходжання. З поўным тэкстам агляду-хронікі можна  азнаёміцца на сайце праваабарончага цэнтру “Вясна”.



belsat.eu

13.09.2010

Фота bymedia.net

Стужка навінаў