Алег Праляскоўскі: З інтэрнэт-выданнямі разбярэмся ў наступным годзе


Міністр інфармацыі хоча ўвесці абавязковую рэгістрацыю.

У беларускім заканадаўстве пакуль няма такога паняцця, як інтэрнэт-медыі. Але міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі паабяцаў ужо ў наступным годзе пастановай ураду ліквідаваць гэты прабел.

“Пакуль афіцыйна інтэрнэт-СМІ — гэта не сродкі масавай інфармацыі. Гэта блогеры, магчыма, але пакуль не журналісты. Я мяркую, у наступным годзе пастановай ураду мы гэтае пытанне вырашым”, – заявіў ён падчас сённяшняй онлайнавай канферэнцыі на сайце БелТА. Гэта прагучала ў адказ на пытанне наконт акрэдытацыі журналістаў інтэрнэт-выданняў на афіцыйных імпрэзах.

Рэдактарка апазіцыйнага сайту Charter97.org Наталля Радзіна мяркуе, што пытанне рэгістрацыі выкліканае зусім не жаданнем стварыць прававыя ўмовы працы для незалежных журналістаў: “Гэта адназначна будзе рэпрэсіўны закон, які канчаткова прыцісне свабоду слова”.

Журналістка звяртае ўвагу, што Праляскоўскі нічога не сказаў пра тое, як будуць трактаваць сайты, што не пройдуць рэгістрацыі. Хутчэй за ўсё, журналістаў пазбавяць магчымасці прысутнічаць на прэсавых канферэнцыях ды імпрэзах, што арганізуе ўлада, і браць каментары ў чыноўнікаў, а інтэрнэт-рэсурсы будуць блакавацца, мяркуе Радзіна.

Эксперт у галіне інтэрнэт-медыяў Паўлюк Быкоўскі звяртае ўвагу на тое, што рэгістраваць онлайнавыя рэсурсы імкнуцца толькі краіны постсавецкай прасторы, і тое ў Расеі гэтая норма носіць добраахвотны характар. У Еўропе наогул такой практыкі няма, дадае эксперт.

Паўлюка Быкоўскага турбуюць крытэры, паводле якіх дзяржава збіраецца вызначаць, адносіць рэсурс да інтэрнэт-медыяў, форуму ці блогу. Бо нават пры самым фармальным падыходзе зрабіць гэта вельмі праблематычна, кажа эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў