Кітайцы выцясняюць працаўнікоў МУС


Будучы беларуска-кітайскі індустрыяльны парк збіраюцца будаваць на месцы, дзе размясціліся лецішчы былых працаўнікоў Міністэрства ўнутраных справаў.

Зямля ў Смалявіцкім раёне, дзе мае пачацца будаўніцтва, замацаваная за кааператывам МУС “Рэчанька”. Ветэраны МУС – чальцы кааператыву – збіраюцца падаць зварот у Адміністрацыю прэзідэнта і Савет Міністраў РБ.

“Большасць нашых дачнікаў – людзі сталага ўзросту, некаторыя нават ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Мы не дапусцім, каб нашыя інтарэсы ўціскаліся дзеля карысці іншай дзяржавы”, – абураецца адзін з чальцоў кааператыву.

У звароце дачнікаў да прэзідэнта адзначаецца, што яны не супраць будаўніцтва індустрыяльнага парку, але не могуць зразумець, чаму менавіта іхныя лецішчы мусяць зруйнаваць.

“За дваццаць гадоў стараннай працы мы ператварылі непаглядную пустэчу ў прыгожы дачны пасёлак. Нашае сэрца абліваецца крывёю ад думкі, што палітая нашым потам зямля, узведзеныя нашымі рукамі дамы, пасаджаныя дрэвы трапяць пад нож бульдозера ці коўш экскаватара”, – гаворыцца ў звароце.

У аддзеле архітэктуры і будаўніцтва Смалявіцкага райвыканкаму абурэнне дачнікаў лічаць неабгрунтаваным. Паводле іх, на гэты момант ідзе толькі абмеркаванне будучай пляцоўкі, рашэння пра выдзяленне зямлі пакуль не прымалі. Мапа будучага тэхнапарку, што з’явілася ў інтэрнэце і выклікала негатыўную рэакцыю кааператыву “Рэчанька”, – не канчатковая.

Будучы беларуска-кітайскі тэхнапарк зойме каля 80 кв. км і стане самым маштабным праектам краіны.

belsat.eu

Стужка навінаў