У Беларусі дэфіцыт арктычнага паліва


Рэкордныя маразы, якія стаяць у Беларусі гэтымі днямі, дадалі праблемаў уласнікам аўтаў з дызельным рухавіком. Пры нізкай тэмпературы салярка замярзае, і машына можа не стартаваць раніцаю.

Як паведамілі «Белсату» ў прэсавай службе «Беларуснафты», стандарты якасці гарантуюць, што зімовае дызельнае паліва будзе бездакорна працаваць нават пры тэмпературы мінус 20 градусаў. Калі на вуліцы яшчэ халадней, варта карыстацца арктычным палівам, яно не мусіць замерзнуць і пры мінус 32 градусах. Вось толькі ў апошнія дні «Арктыка» аказалася ў дэфіцыце, нават нягледзячы на больш высокі кошт. Літр такога паліва каштуе 7100 руб., а не 6300 руб., як звычайная салярка.

«Паводле стану на сённяшнюю раніцу арктычнае паліва прадавалася ў Менску на трох запраўках. Мы вывешваем інфармацыю на сайт нашай кампаніі. Але перад паездкаю ператэлефануйце на запраўку, каб удакладніць, ці не распрадалі паліва», – раяць у прэсавай службе.

Згодна са статыстыкаю сталічнай ДАІ, за апошнія дні была аказаная дапамога дзясяткам аўтамабілістаў, якія вымушана спыніліся пасярод дарогі. Прычым тэмпература паветра ў той час была далёкая ад крытычнай. Кіроўцы наракаюць на няякаснае паліва, прычым гаворка вядзецца не толькі пра дызельнае, але і пра бензін.

Ці ёсць шанец даказаць, што праблемы ўзніклі менавіта па віне заправак? «На форуме аўтааматараў актыўна абмяркоўваецца гэтая тэма. Выявілася, што вельмі шмат людзей сутыкнуліся з гэтаю праблемаю. Цяпер мы кансультуемся з таварыствам абароны спажыўцоў. Нам сказалі, што порцыю з баку трэба аддаць на экспертызу, экспертная камісія возьме ўзоры на запраўках. Калі ўдасца давесці, што паліва аднолькавае і яно няякаснае, АЗС кампенсуе выдаткі – у тым ліку на экспертызу, эвакуатар і рамонт запчастак, – кажа Марыя Шульга, якая сутыкнулася з праблемаю. – Але юрысты ў ГА «Спажывец» адразу папярэджваюць, што даказаць гэта вельмі складана. А на аўтазапраўцы насустрач ісці не хочуць. Нягледзячы на тое, што мы маем квіткі пра аплату паліва, кіраўніцтва АЗС адмаўляе сваю віну».

belsat.eu

Стужка навінаў