Дзяржава спрабуе перасяліць беспрацоўных у вёскі


Каб заахвоціць беспрацоўных пераехаць у сельскую мясцовасць, дзяржава павялічыла памеры матэрыяльнай дапамогі з сямі да дзевяці бюджэтаў пражытковага мінімуму (БМП).

Да таго ж на кожнага чальца сям’і, які пераязджае разам з беспрацоўным, дзяржава выдаткуе яшчэ два БПМ. Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва вяртае нават грошы за білеты, перавоз маёмасці ды выплачвае дзённыя за кожны дзень у дарозе.

Паводле галоўнай спецыялісткі аддзелу занятасці ўпраўлення працы, занятасці і сацыяльнай абароны Менгарвыканкаму Алены Гарбуновай, для шматлікіх беспрацоўных гэта шанец распачаць новае жыццё. «Людзі карыстаюцца нашаю базаю вакансіяў. Шмат хто згодны пераехаць у СПК, бо там ім прапаноўваюць жытло і годны заробак. Наш аддзел дапамагае беспрацоўным наладзіць кантакт з кіраўнікамі гаспадарак», – адзначыла чыноўніца.

Паводле інфармацыі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, летась у сельскую мясцовасць пераехалі 363 сям’і беспрацоўных. Больш за ўсё ахвотных было ў Віцебскай і Менскай абласцях. Два гады таму з гораду пераехаў і Сяргей Юшкоўскі, які перад звальненнем працаваў кіроўцам на Менскім трактарным заводзе. «Заробак быў неблагі, але з жонкай і двума дзецьмі ў інтэрнацкім пакоі жыць было нязручна. На вёску пацягнуўся ўслед за братам, якому забяспечылі жытло і працу ў Бялыніцкім раёне. Цяпер працую механізатарам у ААТ «Новая Друць». Дом далі някепскі, але давялося самому даводзіць яго да ладу», – расказаў Сяргей.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары