Жонкі палітвязняў – супраць прапановы Стужынскай


Офіс «За дэмакратычную Беларусь» у Брусэлі выказваецца за скарачэнне візавых санкцыяў. Яго дырэктарка Вольга Стужынская пацвердзіла, што арганізацыя мае спіс з 25 асобаў, якіх рэкамендуюць выключыць з чорнага спісу. Гэтыя рэкамендацыі «Офіс за дэмакратычную Беларусь» вырашыў накіраваць у амбасады і МЗС Еўразвязу.

Вядома, што Вольга Стужынская і яе калегі прапаноўваюць выключыць са спісу неўязных былога старшыню Белтэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага, былую намесніцу рэдактара газеты «Савецкая Беларусія» Ганну Шадрыну, бізнесоўца Уладзімера Пефціева, а таксама рэктараў беларускіх універсітэтаў.

«На мой погляд, пашырэнне спісаў на сёння прывяло б толькі да далейшых рэпрэсіяў, пагаршэння сітуацыі з палітвязнямі і далейшага скарачэння магчымасцяў для існавання грамадзянскай супольнасці. Эканамічных санкцыяў, якія мелі б уплыў, ЕЗ не ўвядзе, а візавыя санкцыі маюць толькі контрпрадуктыўны эфект», – напісала Вольга Стужынская на сваёй старонцы ў «Facebook».

З такою думкаю не пагаджаецца жонка палітвязня Змітра Бандарэнкі. «Я лічу, што нават сённяшнія санкцыі занадта слабыя пры тым, што адбываецца ў турмах з палітвязнямі, і пры тым, што колькасць палітвязняў у нашай краіне павялічваецца – нядаўна пасадзілі Алеся Бяляцкага, Сяргея Каваленку. Існуюць візавыя санкцыі для чыноўнікаў, але яны па падробленых пашпартах, змяніўшы адну літару ў прозвішчы, усё адно могуць пакідаць межы Беларусі, таму яшчэ большы эфект маглі б мець кропкавыя эканамічныя санкцыі, але пакуль гэтага няма, паслабляць іншыя санкцыі нельга», – мяркуе Вольга Бандарэнка.

Жонка экс-кандыдата на пасаду прэзідэнта Андрэя Саннікава Ірына Халіп мяркуе, што ў спісы неўязных трэба ўключаць пажыццёва і не толькі злачынцаў рэжыму, але і іхнія сем’і. «Каб пракурор, які абвінавачвае чалавека за ягоныя палітычныя погляды і дзейнасць, наступным разам падумаў, што яму на гэта скажуць ягоныя дзеці. Што датычыць ініцыятывы выключыць са спісаў тых, хто больш не працуе на праўладных пасадах, то я не падзяляю такой думкі. Так, Зімоўскі больш не ўзначальвае БТ, ён нічога не вырашае і ні на што не ўплывае. Але ён усё адно мусіць адказаць за сваю дзейнасць. Тое самае можа быць і з суддзямі… Выкрэсліваць іх са спісаў, калі яны зменяць месца працы? Не, я з гэтым не магу пагадзіцца», – кажа Ірына Халіп.

belsat.eu

Стужка навінаў