«Прыцягнуць да адказнасці тэлевядоўцаў Кароткіна і Пракопава»


Крымінальны жаргон у сюжэце Першага каналу Беларускага тэлебачання пра Змітра Дашкевіча і Андрэя Саннікава перайшоў межы цярпення.

Сюжэт Першага каналу Беларускага тэлебачання пра Змітра Дашкевіча і Андрэя Саннікава з ужываннем турэмнага жаргону можна лічыць катаваннем, мяркуе Ганна Шапуцька, актывістка каардынацыйнай групы «За волю», якая распачынае кампанію «Грамадскі трыбунал». Мэта – прыцягнуць да адказнасці чыноўнікаў, вінаватых у катаваннях палітзняволеных.

«Па турмах і калоніях раскіданыя нашыя найлепшыя людзі. А грамадства не ведае, што рабіць. Мы павінны супрацьстаяць гэтаму гвалту, пакуль ізноў, як 75 гадоў таму, дзе-небудзь у лесе тэрыторыю не ачапілі калючым дротам і не пачалі расстрэльваць там невінаватых людзей», – заявіла Ганна Шапуцька на паседжанні групы 1 лютага ў Менску.

Паводле яе, сябры каардынацыйнай групы маюць намер звярнуцца да генеральнага пракурора з патрабаваннем спыніць катаванні ў турмах. Яна спаслалася на сюжэт Першага каналу Беларускага тэлебачання, у якім палітзняволеных Змітра Дашкевіча і Андрэя Саннікава назвалі злачынцамі, ужываючы ў дачыненні іх крымінальны жаргон: «малява», «зона», «прэс-хата», «апушчаныя», «паласнуліся» і гэтак далей. «Гэта ўжо само па сабе ёсць катаваннем як знявага чалавечай годнасці», – мяркуе Шапуцька.

«Узнікае пытанне: за што атрымліваюць зарплату тысячы чыноўнікаў, якія знаходзяцца ў сістэме папраўчых установаў, калі нават БТ прызнае, што ў месцах пазбаўлення волі жывуць не паводле законаў, а «по понятиям»?» – запытала актывістка.

«Мы патрабуем неадкладна спыніць катаванні ў турмах Беларусі, забяспечыць нармальныя ўмовы ўсім зняволеным, у тым ліку Саннікаву, Дашкевічу, Статкевічу, Аўтуховічу, Аліневічу, Дзядку, Васьковічу ды іншым, знайсці вінаватых у катаваннях і пацвердзіць або аспрэчыць факты катаванняў, агучаныя дзяржаўным тэлебачаннем», – заявіла Шапуцька.

Акрамя таго, актывісты запатрабуюць у Генпракуратуры праверыць выкладзеныя факты, прыцягнуць да адказнасці кіраўніцтва Дэпартаменту выканання пакаранняў і тэлеканал «Беларусь-1». Каардынацыйная група мае намер дамагацца доступу прадстаўнікоў праваабарончых арганізацыяў у месцы пазбаўлення волі, у тым ліку ў СІЗА ды ізалятары часовага ўтрымання, як патрабуе Канвенцыя ААН супраць катаванняў.

belsat.eu

Стужка навінаў